Урад Чэхіі сышоў у адстаўку
3- 29.11.2017, 21:58
- 17,779
Чэшскі ўрад на чале з прэм'ерам Багуславам Саботкам абвясціў пра сваю адстаўку.
Пра гэта паведамляе Ceska Televize.
Першыя два паседжанні новага складу ніжняй палаты парламента Чэхіі ўжо адбыліся, таму, згодна з заканадаўствам, ранейшы ўрад павінен скласці паўнамоцтвы. Дакумент аб адстаўцы ўрада перададуць прэзідэнту Чэхіі, аднак міністры будуць працягваць выкананне сваіх абавязкаў да прызначэння новага ўрада.
Андрэй Бабіш, які павінен узначаліць наступны ўрад Чэхіі, перадаў прэзідэнту прапановы аб складзе свайго кабінета і выказаў пажаданне, каб урад быў прызначаны не пазней за 13 снежня - да сустрэчы Еўрапейскага звязу.
Урад Саботкі, нягледзячы на некаторыя рознагалоссі ў апошнія паўтара года, стаў трэцім у гісторыі Чэхіі, які пратрымаўся ва ўладзе ўвесь выбарчы перыяд.
Як вядома, на парламенцкіх выбарах у кастрычніку перамогу атрымала партыя ANO на чале з экс-міністрам фінансаў Андрэем Бабішам. Пасля няўдалых спроб сфармаваць кааліцыю прэзідэнт Чэхіі прапанаваў Бабішу сфармаваць урад меншасці.