NYT: Трамп знайшоў замену Тылерсану
1- 30.11.2017, 19:08
- 12,804
ФОТА: AP
Дзяржсакратар ЗША можа сысці ў адстаўку найбліжэйшымі тыднямі.
Дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан можа найбліжэйшым часам сысці ў адстаўку, а яго месца зойме дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення Майк Пампея, паведамляе газета The New York Times са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі.
Адзначаецца, што на гэты момант незразумела, ці прыняў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп канчатковае рашэнне аб гэтай адстаўцы. Паводле звестак СМІ, у выпадку кадравых перастановак пасаду дырэктара ЦРУ атрымае сенатар з Арканзаса Том Котан. Ён даў зразумець, што пагодзіцца на гэта прызначэнне.
Амерыканскія СМІ таксама пішуць пра рознагалоссі паміж дзяржсакратаром і прэзідэнтам – між іншым, з нагоды ўрэгулявання канфлікту вакол ядзернай праграмы Паўночнай Карэі, а таксама ядзернага пагаднення з Іранам. Акрамя таго, у кастрычніку паведамлялася аб тым, што Тылерсан нібыта пры сведках назваў Трампа крэтынам.