9 кастрычнiка 2026, Пятніца, 20:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эфіопія заявіла пра напад Эрытрэі

3
Эфіопія заявіла пра напад Эрытрэі
Ілюстрацыйнае фота

Аддыс-Абеба паведамляе пра «поўнамаштабнае ўварванне» Асмэры.

Эфіопія абвінаваціла Эрытрэю ў «поўнамаштабным уварванні» і заявіла, што вымушаная абараняцца. Пра гэта 9 кастрычніка паведаміла Reuters са спасылкай на ліст міністра замежных спраў Эфіопіі Гедыёна Цыматэоса да ААН.

Яшчэ 1 кастрычніка Эфіопія разарвала дыпламатычныя адносіны з Эрытрэяй і дала яе дыпламатам 48 гадзін, каб пакінуць краіну. Як паведамляла The Wall Street Journal, гэта адбылося праз некалькі гадзін пасля атакі дронаў на два абарончыя аб'екты ў сталіцы Эфіопіі Аддыс-Абебе, у тым ліку на штаб Узброеных сіл.

Эфіопскія ўлады абвінавацілі Эрытрэю ў ўзбраенні і падтрымцы паўстанцаў у Тыграі. Яшчэ тады разрыў дыпламатычных адносін выклікаў занепакоенасць, што ўнутраны канфлікт у Эфіопіі можа перарасці ў прамую вайну паміж дзвюма краінамі.

Цяпер жа, паводле слоў міністра, эрытрэйскія войскі прасунуліся ўглыб тэрыторыі Эфіопіі на адлегласць да 60 км. Ліст быў накіраваны членам Савета Бяспекі ААН.

«Гэта зухвалы акт агрэсіі, які дае Эфіопіі падставы рэалізаваць сваё неад'емнае права на самаабарону», — гаворыцца ў дакуменце.

Сведкі распавялі Reuters, што на гэтым тыдні бачылі эрытрэйскіх вайскоўцаў на поўначы Эфіопіі. За некалькі дзён да гэтага краіны разарвалі дыпламатычныя адносіны.

Міністр інфармацыі Эрытрэі Ёманэ Гебрэмескель у адказ абвінаваціў Эфіопію ў тым, што яна фактычна вядзе супраць ягонай краіны «неправакаваную агрэсіўную вайну» ужо больш за тры гады. Паводле яго, Аддыс-Абеба выкарыстоўвае цяперашні канфлікт, каб захапіць эрытрэйскі порт Асэб і аднавіць выхад да Чырвонага мора.

Пытанне прысутнасці эрытрэйскіх войскаў у Эфіопіі ён у заяве не пракаментаваў. Раней Гебрэмескель назваў паведамленні пра ўварванне часткай эфіопскага плану апраўдаць вайну.

Паводле дадзеных арганізацыі ACLED, якая адсочвае ўзброеныя канфлікты, 7–8 кастрычніка эрытрэйскія сілы, што адступалі з пазіцый паблізу горада Адыграт у рэгіёне Тыграй, падвергліся ўдарам беспілотнікаў. Магчыма, іх нанеслі эфіопскія вайскоўцы. Жыхар Адыграта распавёў, што ўначы і раніцай 9 кастрычніка чуў паўторныя выбухі за некалькі кіламетраў ад горада.

Урадавыя сілы Эфіопіі ў апошнія дні працягвалі прасоўвацца ў Тыграі. Авіякампанія Ethiopian Airlines абвясціла, што 11 кастрычніка адновіць палёты ў сталіцу рэгіёна Мэкэле.

Reuters нагадвае, што Эфіопія страціла выхад да мора пасля атрымання Эрытрэяй незалежнасці ў 1993 годзе. Аддыс-Абеба называе яго аднаўленне пытаннем свайго існавання, аднак заяўляла, што імкнецца дасягнуць гэтага мірным шляхам і праз дыялог.

У 2018 годзе краіны падпісалі мірнае пагадненне, за якое прэм'ер-міністр Эфіопіі Абій Ахмед атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Падчас вайны ў Тыграі ў 2020–2022 гадах Эрытрэя падтрымлівала эфіопскі ўрад, але напрыканцы канфлікту адносіны зноў пагоршыліся.

Цяпер Эфіопія абвінавачвае Эрытрэю ў падтрымцы паўстанцкага альянсу, які з 23 верасня ваюе супраць федэральных войскаў у рэгіёнах Тыграй, Амхара і Афар. Эрытрэя гэта адмаўляе. Паводле Reuters, цяперашнія баі сталі найбуйнейшай эскалацыяй гвалту пасля вайны ў Тыграі, якая забрала сотні тысяч жыццяў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲