26 красавiка 2024, Пятніца, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як савецкая прапаганда апавядала пра гандаль у БССР

15
Як савецкая прапаганда апавядала пра гандаль у БССР

Архіўныя відэакадры з «камуністычнага раю».

Менскі супермаркет узору 1956 года, продаж тавараў у крэдыт і распродажы проста ў цэхах завода – tut.by пабачыў, як выглядаў гандаль у БССР больш за паўстагоддзя таму.

Брудныя грошы

На кінакадрах – адна з новых менскіх крамаў без прадаўца. «Тут усё прадугледжана для таго, каб захаваць прадукты ад пранікнення пылу і мікробаў. Зручна і гігіенічна», – гаворыць голас за кадрам.

Потым для кантрасту на экране паказваюць краму, дзе гандлююць зусім па-іншаму: «Тыя ж рукі, якія бяруць хлеб, лічаць і грошы. А, як вядома, грошы бываюць у многіх руках і іншы раз вельмі забруджаных. Прадавец нават не прыкмячае, колькі ён можа разнесці розных мікробаў сваімі рукамі. Хочацца спытаць міністра гандлю рэспублікі, а ці ведае ён аб гэтых непаладках?»

Крэдыт на «ўсё, што бачыце»

Краму «Прамтавары», пра якую ідзе гаворка ў відэа, дыктар называе «незвычайнай».

– Вось напрыклад стропальшчык Міхаіл Гузуль надумаў набыць да свята новы гарнітур. Гарнітур нядрэнны, але кошт яго Міхаіл выплаціць у растэрміноўку, – кажа ён.

– А-а-а! Тут, значыць прадаюць тавары ў крэдыт, – паўтарае за ім жаночы голас.

Потым на кінакадрах паказваюць краму электронікі і побытавай тэхнікі.

– А што ў гэтым магазіне можна купіць у крэдыт? – пытаецца той самы жаночы голас.

– Усё, што бачыце! – адказвае мужчына за кадрам.

У прыклад прыводзяць працоўнага Аляксандра Пятровіча Сакалова, які ў краму прыйшоў са сваёй жонкай. На кадрах яны разам выбіраюць швачную машыну.

– І думка жонкі бясспрэчна вызначальная, – кажа жаночы голас за кадрам.

– Не спрачаюся. Тым больш, што вядзецца пра яўна жаночую пакупку, – згаджаецца дыктар.

– Сапраўды, продаж тавараў у крэдыт вельмі зручны і выгодны для працоўных, – рэзюмуе мужчына ў канцы відэа.

Распродаж проста на працоўным месцы

«Незвычайная аб'ява з'явілася ў цэхах Гомельскага станкабудаўнічага завода імя Кірава», – так пачынаецца рэпартаж. Гаворка ідзе пра распродаж прамысловых тавараў, якія Гомельскі ўнівермаг арганізаваў проста ў цэху завода.

– Гэта вельмі зручна: патрэбную рэч можна набыць тут, недалека ад свайго працоўнага месца, – гаворыць голас за кадрам.

Не трэба працоўным хвалявацца і пра дастаўку набытых тавараў: «Пра гэта паклапаціліся супрацоўнікі ўнівермага».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках