12 траўня 2026, aўторак, 0:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь увязалася ў барацьбу за ўкраінскі актыў Ашчадбанка

3
Беларусь увязалася ў барацьбу за ўкраінскі актыў Ашчадбанка

У чацвер адпаведную заяўку ў Нацбанк Украіны падаў беларускі Парытэтбанк.

Беларусь наважылася ўвязацца ў барацьбу за куплю расейскай «дочкі» Ашчадбанка ва Украіне, ПАТ «Ашчадбанк» (Украіна). У чацвер адпаведную заяўку ў Нацбанк Украіны падаў беларускі Парытэтбанк, паведамляе tut.by.

У беларускім банку пацвердзілі, што ў чацвер накіравалі пакет дакументаў у Нацыянальны банк Украіны ў мэтах ўзгаднення набыцця 100% акцый ПАТ «Ашчадбанк» (Украіна). «Рашэнне аб набыцці ПАО «Ашчадбанк» (Украіна) было прынятае Наглядальнай радай ААТ «Парытэтбанк» паводле вынікаў аналізу магчымых шляхоў развіцця банка. Кіраўніцтва ААТ «Парытэтбанк» высока ацэньвае патэнцыял ПАО «Ашчадбанк» (Украіна) у кантэксце мэтаў і задач, які стаяць перад мэнэджмэнтам у развіцці банкаўскага бізнэсу», - адзначана ў паведамленні.

Рэспубліцы Беларусь належыць 99,83% акцый Парытэтбанка, астатнія 0,17% размеркаваны цяпер паміж 2565 акцыянерамі.

Парытэтбанк - 15-й банк Беларусі па актывах, заснаваны 15 траўня 1991 года. Банк мае блізу 25 аддзяленняў па краіне. Паводле вынікаў трох кварталаў 2017 года актывы банка складалі 368,4 млн руб. Абавязанні - 264,1 млн. Уласны капітал банка складае 104,3 млн руб. Банку на праве ўласнасці належыць шэраг аб'ектаў нерухомасці, у тым ліку першы «хмарачос» Беларусі - будынак на Мельнікайтэ, 2. У банку працуе больш за 400 чалавек.

Украіна ў сакавіку гэтага года ўвяла санкцыі супраць «дочак» пяці расейскіх банкаў тэрмінам на адзін год. Пад абмежаванні патрапілі і дзве «дочкі» Ашчадбанка. Украінскім даччыным структурам забаранілі любы вывад капіталу на карысць матчыных структураў у Расеі.

У снежні Ашчадбанк прадаў адну з «дачок». Было ўжо некалькі кандыдатаў і на куплю ключавога актыву Ашчадбанка ва Украіне, але пакуль усе яны сыходзілі з дыстанцыі. І эксперты, і ўкраінскія СМІ схіляліся да таго, што з улікам вельмі няпростых стасункаў Украіны і Расеі вельмі прывабны актыў, украінская «дачка» Ашчадбанка, у выніку можа быць нацыяналізаваная.

У чэрвені набыць украінскую «дачку» Ашчадбанка спрабаваў беларускі ІТ-бізнэсовец Віктар Пракапеня. Аднак у жніўні ён адклікаў заяўку з Нацбанка Украіны.

Украінскі Ашчадбанк – 6 па велічыні банк краіны, з актывамі блізу 2,2 млрд даляраў і сеткай з больш чым 150 аддзяленняў. Паслугамі банка карыстаецца амаль 1 млн кліентаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках