У Смаргоні таксіст здзівіў пасажырку
1- 18.10.2026, 21:11
Вадзіцель, які не меў здачы, павёз пасажырку размяняць грошы, а потым запатрабаваў даплату за дарогу.
Яна — фатографка са Смаргоні. На днях ёй з дзіцем трэба было дабрацца з пункта «А» ў пункт «Б». Маладая маці выклікала таксі, толькі вось разлічыцца без праблем не атрымалася. У жанчыны з сабой было сто рублёў, здачы ў вадзіцеля не знайшлося. Яны паехалі размяняць грошы, у выніку рахунак для Яны павялічыўся. Пра гэту гісторыю пасажырка расказала ў сваім TikTok. Але ці павінна яна плаціць за дадатковыя кіламетры?
Паводле слоў Яны, дабрацца ў месца прызначэння ёй трэба было прыкладна а шостай вечара. Яна выклікала таксі «Ваяж 7310». Калі былі на месцы, вадзіцель агучыў суму да аплаты. Дакладную цану аўтарка не памятае, узгадвае, што прыблізна 15 рублёў. Яна працягнула вадзіцелю «сотку», піша «Zerkalo».
— Ён кажа: «У мяне няма грошай на здачу». Адказваю: «Добра, у мяне таксама няма іншых грошай, меншых па намінале». [Прапанаваю]: «Давайце я вам перавяду на картку або на тэлефон». На што ён запярэчыў: «На картку мы не прымаем. А на тэлефон… навошта мне такая сума на рахунку тэлефона?»
Каб вырашыць сітуацыю, вадзіцель прапанаваў сваю ідэю. Яе сутнасць у тым, што Яна дасць яму 100 рублёў, а ён, калі будзе ў яе раёне, прывезе ёй здачу. Пасажырка не згадзілася.
— На што ён дакладна мне сказаў: «Спынім таксі [і паедзем] размяняем грошы». Я такая: «Добра, ні вам, ні нам, як кажуць. Паехалі, размяняем», — апісвае фатографка ў сваім TikTok тое, што адбывалася далей. — Плюваць ужо на час, у любым выпадку пытанне інакш не вырашыцца.
Паводле слоў Яны, яны праехалі «літаральна тры кіламетры», і яе кошт за праезд тут жа павялічыўся на дзевяць рублёў.
— Кажу: «Вы ж сказалі, што спыніце таксі». Ён такі: «Не, я такога не казаў», — працягвае жанчына.
У адказ на гэта Яна выйшла з салона і пайшла на запраўку — найбліжэйшае месца, дзе можна размяняць грошы. Вярнулася і аддала таксісту выключна тую суму, якую ён ёй агучыў, калі давёз з пункта «А» ў пункт «Б». Даплачваць дзевяць рублёў яна не стала і пайшла пехатой з дзіцём туды, куды ехала.
— Раззлаваны мужчына пачаў палохаць мяне нейкімі доўгамі, — распавядае ў роліку Яна. — Па дарозе тэлефаную ў дыспетчарскую службу, удакладняю гэтыя моманты, на што дыспетчар мне кажа: «А ад мяне-то вы што хочаце?»
Маладая маці абурылася працай вадзіцеля і дыспетчара.
— Разумею, што ў вас не хапае работнікаў, але ў любым выпадку трэба ж неяк кантраляваць іх (вадзіцеляў. — Заўв. рэд.) паводзіны, — падзялілася меркаваннем Яна. — Хоць бы каб у іх заўсёды была здача. А ў шэсць вечара не мець здачы — гэта вельмі дзіўна.
Хто ж мае рацыю ў гэтай сітуацыі?
На сайце Асацыяцыі перавозчыкаў пасажыраў аўтамабілямі-таксі сказана, што пасажыр не абавязаны мець дробныя купюры, каб заплаціць за праезд.
— Наяўнасць здачы ў вадзіцеля таксі павінна забяспечвацца аўтамабільным перавозчыкам у такіх аб'ёмах, якія змогуць забяспечыць бесперабойную працу, — паведамляюць у асацыяцыі.
Пра гэта ж распавядала і адвакатка Мінскай абласной калегіі адвакатаў Марыя Загудаева. Разлічыць пасажыра — абавязак таксіста, адзначыла спецыялістка.
— Служба таксі павінна загадзя паведаміць вам пра адсутнасць здачы, каб вы, калі захочаце, маглі адмовіцца ад паслуг, — дадала адвакатка. — Калі пасажыра не папярэдзілі, размяняць грашовыя сродкі павінен у першую чаргу вадзіцель таксі.