5 траўня 2024, Нядзеля, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бунт пад Светлагорскам: За каго Лукашэнка нас уважае?

94
Бунт пад Светлагорскам: За каго Лукашэнка нас уважае?
Фота: «Радыё Свабода»

Вяскоўцы прапанавалі перанесці кітайскі цэлюлозны завод у Дразды.

Блізу двухсот жыхароў вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна ў другой палове дня 25 снежня выйшлі ў цэнтр пасёлка пратэставаць супраць смуроду, які разносіць па наваколлі завод сульфатнай беленай цэлюлозы. Завод быў пабудаваны нядаўна на базе мясцовага цэлюлозна-кардоннага камбіната, паведамляе «Радыё Свабода».

Завод беленай цэлюлозы падступае да самай Якімавай Слабады. Непадалёк і сам цэлюлозна-кардонны камбінат, а побач з ім - аб'яднанне «Хімвалакно».

Яшчэ на стадыі абмеркавання праекта больш за 10 тысяч жыхароў Светлагорска, сёмая частка ўсіх жыхароў, выказалася «супраць». Меркавалі, што прадпрыемстваў хімічнай прамысловасці ў Светлагорску і без таго стае, а ад новай шкоднай вытворчасці яшчэ больш ускладніцца няпростая экалагічная сітуацыя ў горадзе і навакольных вёсках, у першую чаргу ў Якімавай Слабадзе - вёска размяшчаецца на ўсход ад хімічных прадпрыемстваў і, улічваючы «ружу вятроў», як раз трапляе пад прамысловыя выкіды.

І ўсё ж за сем гадоў завод сульфатнай беленай цэлюлозы пабудавалі - кітайскімі рукамі і за кітайскія грошы.

Улады супакойваюць

Урачыста запусціць прадпрыемства павінны былі 7 лістапада. Чакалі Лукашэнку, але ў прызначаны дзень ён у Светлагорск не прыехаў.

Крыху пазней ад кіраўнікоў цэлюлозна-кардоннага камбіната, на інфраструктуры якога ўзведзеная новая хімічная прамысловасць, светлагорцы пачулі, што пробны пуск новага завода адбыўся яшчэ першага лістапада. Беленую цэлюлозу тады атрымалі патрэбнай якасці, але не ў прамысловых маштабах. Кітайская карпарацыя «САМС» павінна давесці выраб цэлюлозы да 70 адсоткаў ад праектнай магутнасці камбіната.

Служба аховы навакольнага асяроддзя на камбінаце запэўніла і прадаўжае запэўніваць жыхароў горада, што завод беленай цэлюлозы адпавядае ўсім экалагічным стандартам і беларускім заканадаўчым актам.

Аднак з пускам прадпрыемства ў тэставым рэжыме жыхары Якімавай Слабады (звыш тысячы чалавек) і многія гараджане пачалі адчуваць непрыемны пах.

Спецыялісты ЦКК тлумачылі, што ўсе смярдзючыя арганічныя рэчывы, у якіх змяшчаецца сера, спальваюцца ў катле - усталяваная нават дадатковая гарэлка. Але можа так здарыцца, што «смярдзючыя рэчывы неарганізавана трапляюць у атмасферу».

Жыхары: «Чаму нас тут уважаюць за быдла?»

Самі жыхары Якімавай Слабады, характарызуючы экалагічную сітуацыю ў сваім селішчы, выкарыстоўваюць даволі моцныя эпітэты, часцей за ўсё - «даліна смерці» або «газавая камера».

«Я жыву ў камунальным двухпавярховым доме на вуліцы Сонечнай, - кажа жанчына ў гадах, якая назвалася Зінаідай. - Але Сонечнай яна толькі называецца. Смурод такі, што дыханне перахапляе. Нейкай тухлай капустай пахне. Аж кроў з носа ідзе, крывяны ціск нельга збіць. Няхай на гэтым заводзе яны зробяць так, каб нейтралізаваліся гэтыя газы».

Гаспадыня Алена распавядае: «павесіш памытую бялізну сушыцца — яна ад гэтай хіміі набракне. Нават прадукты непрыемных пахаў набіраюцца».

Пенсіянер Віктар сваё пытанне адрасуе Лукашэнку.

«Я б хацеў спытаць у Лукашэнкі, чаму нас тут уважаюць за быдла? - кажа ён. - За што нас пазбавілі права дыхаць чыстым паветрам? Выйшаў сёння а палове першай ночы - дыхаць немагчыма, проста падаеш, хочацца на сцяну лезці. Гэта ж так ставіцца да народа - быдлам яго зрабіў».

Зусім нестандартна выступіў вясковец Анатоль з вуліцы Школьнай. Ён прапанаваў «падзякаваць» уладам за «завод, ад якога я ўначы дыхаць не магу».

«Пажадаем, каб да сакавіка яны правялі трубы ад гэтага завода ў кожны дом, каб мы наўпрост дыхалі гэтымі газамі дома», - сказаў абураны жыхар.

«Я ў дэкрэтным адпачынку - у мяне двое дзяцей, - кажа маладая мама Аляксандра. - Ведаеце, гуляць ваджу дачку ў Светлагорск, бо тут невыносны смурод. Я баюся за сваіх дзяцей. І дзявацца няма куды - у нас толькі ў Якімавай Слабадзе ёсць жыллё. Кватэру прадаць немагчыма - у такім месцы яна нікому не патрэбная. Старэйшае дзіця возім у школу ў Светлагорск. І дачку давядзецца вазіць у садок у горад, бо тут заставацца - гэта смерць».

Аляксандра з недаверам ставіцца да афіцыйных запэўніванняў, што гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі шкодных выкідаў у вёсцы не перавышаныя - ні серавадароду, ні дыяксіду серы, ні аксіду азоту.

«Спадары кантралёры, прыязджайце і пажывіце з тыдзень, панюхайце, замярайце і нам скажыце. Сваіх дзяцей і ўнукаў прывязіце сюды», - адчайна кажа маладая мама.

Яшчэ адна маладая жанчына Таццяна распавядае, што ў дзіцячы садок, куды ходзіць яе сын, «санстанцыя прыязджае рабіць замеры, калі вецер дзьме ў іншы ад вёскі бок».

«Хай у Драздах там панюхаюць»

Вясковец, які назваўся Уладзімірам, прапанаваў перанесці завод у Дразды: «Хай там панюхаюць - і будзе зразумела, перавышаная канцэнтрацыя шкодных выкідаў або не».

Сяльчанка Людміла, у сваю чаргу, дзівіцца, што завод афіцыйна нібыта не працуе, а «людзей труцяць».

«Зрабіце поўную ачыстку, пастаўце катлы, каб спальваць смярдзючыя газы, а потым запускайце завод. Пабудавалі - то хай працуе завод, але працуе якасна, для людзей, для народа, а не супраць яго. Бо нашу вёску Якімаву Слабаду зрабілі ўжо «далінай смерці», - кажа яна.

Тут жа, на стыхійным сходзе, вяскоўцы сталі збіраць подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў, міністэрства аховы здароўя, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у пракуратуру, адміністрацыю Лукашэнкі. Патрабуюць разабрацца з выкідамі шкодных смярдзючых рэчываў новага завода, у кароткі тэрмін рэканструяваць яго, каб не ставіць пад небяспеку здароўе людзей.

Гучалі нават адчайныя прапановы адсяліць Якімаву Слабаду, напрыклад, у Чыркавічы, на процілеглы бок ад Светлагорска, каб людзі не пакутавалі ад новага хімічнага прадпрыемства.

Завод коштам мільярд даляраў

Будоўля новага завода сульфатнай беленай цэлюлозы стартавала ў 2012 годзе, калі Лукашэнка падпісаў указ №391.

Першапачатковы кошт праекта складаў звыш 850 мільёнаў даляраў, з якіх 650 мільёнаў - кітайскі крэдыт. Летам віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка заявіў, што будаўніцтва новага завода на аснове Светлагорскага ЦКК каштавала 1 мільярд даляраў.

Са слоў урада, завод дзяржаве патрэбны. Калі яго выведуць на праектную магутнасць, Беларусь перастане імпартаваць беленую цэлюлозу, а наадварот - сама пачне прадаваць яе за мяжу.

Якое месца ў гэтых планах займае здароўе жыхароў Якімавай Слабады і Светлагорска?

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках