26 красавiка 2024, Пятніца, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адправіць жыхароў Драздоў у «турыстычны паход» па рэгіёнах

30
Адправіць жыхароў Драздоў у «турыстычны паход» па рэгіёнах
КРЫНІЦА: CARICATURA.RU

Танна, і хітра, але вельмі выцвярэжвае.

Вынікі пратэстнага 2017 года Charter97.org падвёў з актывістам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», берасцейскім лідарам Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Андрусём Шарэндам.

- Адная з самых абмяркоўваных падзей тыдня - бунт вёскі Якімава Слабада Светлагорскага раёна, дзе вяскоўцы ўзбунтаваліся супраць працы шкоднага цэлюлознага завода. На пратэст у Менску выходзілі і ашуканыя дольнікі «Тамбаз». Зусім нядаўна пратэставалі супраць будаўніцтва завода «Амкадор» жыхары Калодзішчаў. Як вы можаце пракаментаваць гэты шэраг лакальных бунтаў?

- У цывілізаваных краінах такія пытанні разглядаюцца ў судзе. Але, на жаль, у Беларусі гэты інстытут адсутнічае. У людзей, якія трапляюць у бяду, не застаецца іншага выйсця, як грамадскі пратэст. Іншым спосабам да ўладаў дастукацца не атрымліваецца. Прорва неразумення паміж народам і чыноўнікамі расце.

Калі зірнуць на геаграфію такіх пратэстаў, то становіцца зразумела, што гэта не прыватныя выпадкі, а тэндэнцыя. Магу падаць прыклад Берасця, дзе на пратэсты выходзілі ашуканыя дольнікі. Крызіс зрабіў людзей у рэгіёнах вельмі ўразлівымі. Калі ў Менску яшчэ ёсць нейкая магчымасць выжыць, то на перыферыі людзі самі за сябе.

Магу даць добрую параду нашым уладам: звольніце ўсіх сацыёлагаў і аналітыкаў. Лакмусавай паперкай беларусаў з'яўляюцца настроі ў рэгіёнах. Я б адправіў нашых чыноўнікаў на экскурсію па сельскай мясцовасці. Танна, і хітра, але вельмі выцвярэжвае. Усіх жыхароў Драздоў бы адправіў у такі «турпаход». У нас у рэгіёнах людзі простыя, за словам у кішэню не лезуць - усю праўду-матку б ім распавялі, такога б пра сябе наслухаліся. Але, як казаў Кандрат Крапіва, «праўда вочы коле». Не любяць нашы ўлады голас народа.

Людзі ўжо звыклі да глупства чыноўнікаў, але я не магу звыкнуць да таго, з якой лёгкасцю нашыя кіраўнікі мантачаць народныя грошы. Падам прыклад - лясныя гаспадаркі. Ідуць з малатка цэлыя лясныя надзелы, як гэта было з лесам на Лагойшчыне, які прадалі арабскім шэйхам. Лес - гэта нашае нацыянальнае багацце. Такое стаўленне мы назіралі ў часы акупацыі, калі лес, карысныя выкапні, творы мастацтва, вывозілі з Беларусі цэлымі вагонамі. Хоць ні для каго не сакрэт, што мы цяпер жывем у часы акупацыі.

- Усе мы ведаем, што 2017 год прайшоў пад знакам пратэстаў. Якія самыя «гарачыя» падзеі гэтага года вы хацелі б вылучыць?

- Безумоўна, падзея №1 - Маршы абураных беларусаў. Я асабіста браў у іх удзел і магу сказаць, што гэта было нешта незабыўнае. Не ведаю, што за «светлая галава» параіла Лукашэнку гэтую ініцыятыву, але такое пачуццё, што ў гэтай галаве вінегрэт. Такія законы цягнуць на Шнобелевскую прэмію.

Дэкрэт аб «дармаедстве» зачапіў беларусаў за жывое. Спачатку быў Менск, затым пратэстную эстафету перахапілі рэгіёны. Скажу шчыра, я вельмі рады, што мой родны горад Берасце таксама годна паказаў сябе ў падзеях гэтай вясны. Было прыемна бачыць на вуліцах новыя твары, якія раней не бралі ўдзел у акцыях пратэсту.

Яшчэ адной яркай падзеяй сталі пратэсты супраць вайсковых вучэнняў «Захад-2017». У верасні гэтага года над нашай краінай навісла сапраўдная пагроза і мы былі за крок ад страты незалежнасці. Толькі дзякуючы грамадскаму рэзанансу ў СМІ і адважным беларусам, якія выйшлі на акцыі пратэсту, мы прымусілі Захад звярнуць увагу на праблему расейскай агрэсіі.

Але больш за ўсё мяне здзівіла іншае. Пагроза акупацыі прымусіла многіх людзей зацікавіцца беларускай гісторыяй, ваеннымі подзвігамі нашых продкаў, бітвай пад Воршай, паўстаннем Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касцюшкі. Такой рэакцыі не чакаў ніхто.

Яшчэ адна падзея, якая не пакінула нікога абыякавым - смерць у Печах жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Беларусы вельмі востра адрэагавалі на беззаконне ў войску, бо гэтая праблема блізкая кожнай сям'і. Зноў жа, калі б не грамадскі рэзананс, улады б спусцілі на тармазах і гэта злачынства.

Вострая і аператыўная рэакцыя беларусаў на такія падзеі кажа пра адно: залаты век манаполіі БТ-шных прапагандыстаў скончаны. Людзі пачалі звяртацца па навіны ў незалежныя СМІ, дзе можна знайсці праўдзівую і актуальную інфармацыю, а не чарговыя апавяданні пра «бітвы» за ўраджай і павелічэнні надояў.

- Чаго б вы зычылі беларусам напярэдадні Новага года?

- Беларусам я зычу адзінства. Ведаеце, людзей доўгі час кармілі байкамі пра «праплачаную» апазіцыю, якая хоча зладзіць Майдан і разбурыць «астравок стабільнасці». 2017 год паказаў, што апазіцыя - гэта пенсіянерка, якой не стае грошай на лекі, гэта маці з дзіцем, муж якой працуе ў Расеі, а яго прызналі «дармаедам», рабочы МАЗа, жыхар Калодзішчаў, які выйшаў на пратэст супраць будаўніцтва новага завода. Апазіцыя - гэта ўвесь беларускі народ. Нас доўга спрабавалі дзяліць, але гэтага не атрымалася. Спадзяюся, што 2018 год прынясе нам доўгачаканую свабоду.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках