18 траўня 2024, Субота, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дональд Трамп: Кантакты Фліна з РФ былі законныя, а за хлусню ён адказаў

4
Дональд Трамп: Кантакты Фліна з РФ былі законныя, а за хлусню ён адказаў
Майкл Флін

Прэзідэнт ЗША заявіў, што ў кантактах ягонага штаба з Расеяй нічога незаконнага не было.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ягоны былы дарадца ў нацыянальнай бяспецы Майкл Флін на ягоны загад нічога незаконнага не ўчыняў, а прызнаўся толькі ў хлусні ў адказах на пытанні ФБР, што і стала адной з прычын ягонай адстаўкі ў лютым, перадае ВВС.

У пятніцу стала вядома, што Майкл Флін уклаў угоду з спецыяльным пракурорам Робэртам Мюлерам, прызнаўшы віну ў адным эпізодзе і пагадзіўшыся даць сведчанні аб кантактах асяродку Трампа з Расеяй.

Мюлер узначальвае расследаванне расейскага ўмяшання ў амэрыканскія прэзідэнцкія выбары 2016 (амэрыканскія спецслужбы прыйшлі да адназначнай высновы аб тым, што яно мела месца, хоць Масква гэта адмаўляе) і правярае версію пра тое, што Расея і штаб Трампа нейкім чынам каардынавалі свае дзеянні.

У суботу прэзідэнт у перайначаным выглядзе паўтарыў афіцыйную версію звальнення Фліна, які нечакана напісаў заяву аб адстаўцы 14 лютага, прабыўшы на пасадзе крыху больш за тры тыдні: той "схлусіў віцэ-прэзідэнту і ФБР" (першапачаткова, зрэшты, афіцыйная пазіцыя тычылася толькі ўвядзення ў зман віцэ-прэзідэнта).

Ягонаму пераходнаму штабу "няма чаго хаваць", дадаў Трамп.

Дэзінфармаваў Пэнса і ФБР

Паводле афіцыйнай версіі, Флін няслушна праінфармаваў віцэ-прэзідэнта Майка Пэнса пра змест сваіх тэлефонных размоў у снежні 2016 года - да ўступлення на пасаду новай адміністрацыі - з тагачасным расейскім амбасадарам у Вашынгтоне Сяргеем Кісляком.

Следам за гэтым Пэнс публічна заяўляў, што пытанне скасавання санкцый, уведзеных ранейшай адміністрацыяй Барака Абамы, з Кісляком не абмяркоўвалася.

А 24 студзеня, праз чатыры дні пасля інаўгурацыі, агенты ФБР, якія праслухоўвалі тэлефанаванні Кісляка, спецыяльна распыталі Фліна, ці абмяркоўваў ён пытанне санкцый. Той схлусіў, што не абмяркоўваў, і цяпер прызнаў гэты факт.

Разам з тым, як вынікае з абвінаваўчых высноў, якія Флін падпісаў, у сваіх кантактах з расейскім паслом ён дзейнічаў на загад "вельмі высокапастаўленага чальца пераходнай суполкі" Трампа. Улічваючы высокі ранг самога Фліна, амэрыканскія СМІ мяркуюць, што пад гэта апісанне пасуе зяць і дарадца Трампа Джарэд Кушнер.

У некалькіх тэлефонных размовах Флін прасіў расейскага пасла сарваць галасаванне аб рэзалюцыі Рады бяспекі ААН, якая асуджае будаўніцтва габрэйскіх паселішчаў на акупаваных Ізраілем тэрыторыях (адміністрацыя Абамы не перашкаджала гэтай рэзалюцыі; Кісляк паведаміў Фліну, што Расея таксама не стане мяняць сваю пазіцыю).

А 29 снежня 2016 года, адразу пасля таго як адміністрацыя Абамы выслала 35 расейскіх дыпламатаў у якасці захадаў у адказ на ўмяшанне ў выбары, Флін прасіў Кісляка праявіць стрыманасць, бо будучая адміністрацыя зможа перагледзець шмат якія пастановы папярэдняй.

Расея тады сапраўды ўстрымалася ад "люстраной" высылкі такой жа колькасці амэрыканскіх дыпламатаў - гэта асабліва падкрэсліў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін.

Угоду проста так не прапануюць

Фармальна Флін у той момант заставаўся прыватнай асобай, і таму ягоныя дзеянні можна тлумачыць як парушэнне закона Логана 1799 года, які забараняе амэрыканскім грамадзянам умешвацца ў замежную палітыку ўрада.

Аднак гэты закон ні разу не ўжываўся за ўсю яго гісторыю, бо, як уважае большасць юрыстаў, ён супярэчыць амэрыканскай канстытуцыі і ва ўсякім працэсе гэтая акалічнасць канечне адкрыецца.

Даванне фальшывых сведчанняў ФБР, у чым прызнаўся Флін, не застаецца без пакарання турэмным зняволеннем на тэрмін да пяці гадоў, але, паводле ўмовы з пракурорамі, тыя будуць хадайнічаць аб змякчэнні пакарання - не больш за шэсць месяцаў турмы.

У пятніцу адвакат Тай Коб, які прадстаўляе інтарэсы Трампа ў рамках расследавання Мюлера, заявіў, што абвінавачанне, паводле якога прызнаўся Флін, "не тычыцца нікога, акрамя яго самога".

Шмат хто з назіральнікаў сумняваюцца ў гэтай інтэрпрэтацыі абвінавачванняў супраць Фліна – грунтуючыся на вядомай тактыцы амэрыканскіх пракурораў, яны не сталі б прапаноўваць угоду і адмаўляцца ад выстаўлення больш цяжкіх абвінавачванняў, калі б уважалі Фліна за галоўнага або адзінага абвінавачанага.

Раней у рамках расследавання пад кіраўніцтвам Мюлера былі выстаўленыя абвінавачванні Полу Манафорту, які кіраваў штабам Трампа да жніўня 2016 года, і ягонаму бізнэс-партнёру Рыку Гейтсу.

Таксама стала вядома, што ў даванні фальшывых сведчанняў аб кантактах з расейскімі прадстаўнікамі прызнаўся Джордж Пападопулас, які ўваходзіў у групу замежнапалітычных дарадцаў Трампа (прадстаўнікі адміністрацыі падкрэсліваюць, што ён граў самую маргінальную ролю ў гэтай групе).

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках