26 красавiка 2024, Пятніца, 17:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе, акрамя Беларусі, ёсць VIP-клінікі для кіраўнікоў?

31
Дзе, акрамя Беларусі, ёсць VIP-клінікі для кіраўнікоў?
Фото: tut.by

Высветлілася, што і ў гэтым пытанні Лукашэнка схлусіў.

Лукашэнка правёў нараду аб пытаннях Менскага раённай клінікі, якая дабудоўваецца ў вёсцы Ждановічы, дзе будуць абслугоўвацца чыноўнікі, а таксама «заслужаныя дзеячы» Беларусі. Для звычайных людзей меддапамога там будзе платнай, «бо не па месцы будуць абслугоўвацца», - заўважыў Лукашэнка.

«Мы, пабудаваўшы кампактны, невялікі медыцынскі цэнтр, зэканомілі блізу 400 млн еўра», - заявіў правадыр.

- Вось і ўся кансьпіралогія гэтага пытання. Мною была прынятая пастанова пабудаваць меншую клініку, а гэтую велізарную перадаць гораду з усім абсталяваннем, персаналам (у асноўным ён там застанецца). Не хаваю: была пастаўленая задача на базе гэтага цэнтра стварыць суперсучасную клініку, дзе будуць адпрацоўвацца найноўшыя тэхналогіі. Абслугоўвацца там будзе 3-4 тысячы дзяржаўных службоўцаў, астатнія - звычайныя грамадзяне, з савецкіх часоў стаяць на ўліку людзі, якія заслужылі абслугоўвання ў такім цэнтры. Так ва ўсіх дзяржавах прынята».

Але ў якіх краінах існуюць адмысловыя клінікі для чыноўнікаў? На гэтае пытанне паспрабавалі адказаць журналісты nv-online.info.

Ні ў Нямеччыне, ні ў ЗША, ні ў Францыі няма такіх спецыялізаваных клінік. Нават у Вялікабрытаніі, якая дагэтуль застаецца адзінай сярод заходніх краін, дзе дамінуе дзяржаўная сістэма аховы здароўя, сярод клінік і шпіталяў няма нічога падобнага на нашую лекарскую камісію.

У суседняй Польшчы практыка прымацавання ўрадавай эліты да так званай спецклінікі, закрытай для звычайных грамадзян, далёка ў мінулым.

- Лячэнне і медабследаванне першых асоб дзяржавы - прэзідэнта, прэм'ер-міністра, маршала Сэйма аплачвае дзяржава, - распавядалі «Народнай Волі» ў пасольстве Польшчы ў Беларусі. - Усе астатнія чыноўнікі, у тым ліку міністры, дыпламаты, дэпутаты ніякіх ільгот пры лячэнні не маюць. Як і звычайныя палякі, яны штомесяц 9% свайго даходу адлічваюць у Дзяржаўны фонд здароўя і ў выпадку недамагання або хваробы звяртаюцца да свайго доктара на месцы жыхарства, які і прымае пастанову аб лячэнні.

Некаторым прывілеем карыстаюцца першыя асобы Чэхіі, калі гаворка ідзе пра іх здароўе. У прэстыжным пражскім шпіталі Мотал ёсць прэзідэнцкая палата.

Ну, а так званыя лечкамісіі, дзе бясплатна і без чэргаў лечыцца высокапастаўлены кантынгент з кіраўніцтва краіны, акрамя Беларусі існуе ў краінах, з якімі Беларусь аб'яднаная ў Мытны Саюз, а таксама ва Украіне.

У Расеі на базе знакамітай Крамлёўскай клінікі створана Клінічная лякарня Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Расейскай Федэрацыі. У Казахстане з 1997 года функцыянуе Шпіталь медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Рэспублікі Казахстан. Ва Украіне клініка «Феафанія», якая ў савецкія часы з'яўлялася клінікай 4-й управы пры Міністэрстве аховы здароўя СССР, так званая лечкамісія, у 2002 годзе спецыяльным загадам Кабінета міністраў Украіны была падпарадкаваная Дзяржаўнаму кіраванню справамі.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках