27 красавiка 2024, Субота, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Янукевіч: Чыноўнікі ўпэўненыя, што будоўля ля Курапатаў будзе

9
Янукевіч: Чыноўнікі ўпэўненыя, што будоўля ля Курапатаў будзе
АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ
ФОТА: BYMEDIA.NET

Старшыня партыі БНФ расказаў пра сустрэчу з кіраўніком Менгарвыканкама.

У выніку чарговай сустрэчы ў Менгарвыканкаме будаўніцтва бізнэс-цэнтра каля Курапатаў прыпынілі да канца тыдня. На гэты раз Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Марат Гаравы і прадстаўнік жыхароў раёна, дзе ідзе будаўніцтва, Юрый Сцяпанішчаў сустракаліся з кіраўніком Менгарвыканкама Андрэем Шорцам.

Што кажуць чыноўнікі і чаму не хочуць прыпыняць будаўніцтва побач з месцам масавых расстрэлаў, распавёў у эфіры «Еўрарадыё» Аляксей Янукевіч.

- Сустрэча доўжылася дзве гадзіны, што абмяркоўвалі ўвесь гэты час?

- Менгарвыканкам робіць акцэнт на тым, што там ніякіх костак няма. Яны прапаноўвалі правесці археалагічныя даследаванні за кошт забудоўшчыка, каб гэта пацвердзіць і супакоіць грамадства. Аднак наша пазіцыя, што трэба спыняць будоўлю незалежна ад таго, ёсць там косткі ці няма. Трэба, каб гэтая зямля вярнулася ў склад ахоўнай зоны мемарыяла «Курапаты».

- Якія аргументы ў чыноўнікаў, Андрэй Шорац не тлумачыў, чаму нельга спыніць будаўніцтва?

- На сустрэчы быў кіраўнік адміністрацыі Савецкага раёна, намеснік Андрэя Шорца, Лапцеў, таксама археолаг з Акадэміі навук. Яны кажуць, што гораду трэба забудоўвацца і асвойваць новыя кавалкі зямлі. Што большай шкоды бізнэс-цэнтр не прынясе. Не дапамаглі нават подпісы тысячы людзей, жыхароў раёна. На сёння іх прымушае лічыцца з абаронцамі Курапатаў толькі рэзананс. Таму што праблема выйшла на нацыянальны ўзровень.

- Іх напружвае невялікі лагер пратэстоўцаў ля будоўлі?

- Прысутнічаў момант пагрозы. Нібыта, будаўнікі кажуць, што ім пагражаюць, што на іх спрабуюць фізічна ўздзейнічаць. Сказалі, што пакуль міліцыя не ўмешваецца, але калі такія факты будуць далей, то можа ўмяшацца. Я на гэта адказаў, што як раз будаўнікі вялі сябе агрэсіўна, чапляліся да актывістаў. Больш нічога наконт лагера не гучала. Андрэй Шорац сказаў, што дровы ў лагер возяць з Вілейкі. Я адказаў, што іх возяць з заправак, купляюць там.

- Які вынік сустрэчы?

Аляксей Янукевіч: Незразумелы статус будоўлі. Яе прыпыняюць да канца тыдня. Каб папрацавалі археолагі, спецыялісты, каб адбыўся круглы стол. Менгарвыканкам будзе кансультавацца з Міністэрствам культуры. Якога-небудзь намёку на спыненне будаўніцтва не прагучала. Чыноўнікі казалі, што там усё будзе адбывацца, а бізнэс-цэнтр створыць дадатковыя працоўныя месцы. Яны кажуць аб гэтым праекце так, што ён будзе рэалізаваны. У гэтай сітуацыі мае сэнс нарошчваць пратэст. Важна пашыраць працу з шырокім колам экспэртаў, у тым ліку дзяржаўных. Трэба, каб інфармацыя аб тым, што трэба адмовіцца ад праекта, дайшла да самай высокай улады.

- Што яны кажуць аб аўкцыёне, які прайшоў, калі там яшчэ былі ахоўныя межы помніка?

- Чыноўнікі гуляюць у дэмагогію. Яны кажуць, што аўкцыён ― гэта не будаўніцтва. Калі там былі ахоўныя межы, то будоўлі не было. Абсалютна відавочна, што гэта такі выкрут, што аўкцыён праводзіўся з мэтай забудовы. Я прапанаваў Менгарвыканкаму яшчэ раз правесці грамадскія слуханні з нагоды гэтай будоўлі. Але чыноўнікі ў гэтым не бачаць сэнсу. Важна і тое, што Курапаты ― каштоўнасць нацыянальнага значэння. А каля гэтай каштоўнасці стала штосьці адбываецца.

Археолаг Мікола Крывальцэвіч не бачыць сэнсу ў раскопках, якія прапануе Менгарвыканкам, бо «на месцы будоўлі не было расстрэлаў».

«Пахаванняў там не будзе, бо зона размяшчэння магіл знаходзіцца ў лясной зоне. Гэта тэрыторыя, дзе цяпер будоўля, была калісьці ўзгоркам без лесу, ускраінай вёскі. Ніякіх расстрэлаў там не магло быць. Гэтая зона будоўлі калісьці ўваходзіла ў ахоўную зону і яе, безумоўна, трэба захаваць. А сэнсу капаць там няма, тым больш, там даўно ідзе інтэнсіўная забудова, плюс камунікацыі», ― распавёў спецыяліст.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках