26 красавiка 2024, Пятніца, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Латвіі выводзяць на чыстую ваду ценявыя даходы Япрынцавых

7
У Латвіі выводзяць на чыстую ваду ценявыя даходы Япрынцавых
Казбек Япрынцаў і Аляксандр Арабян
ФОТА: ЗМІЦЕР БРУШКО, TUT.BY

Латвія расследуе справу аб легалізацыі даходаў у дачыненні да Япрынцавых і яшчэ некалькіх беларусаў.

Управа ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Крымінальнай паліцыі Латвіі расследуе крымінальную справу ў дачыненні да некалькіх грамадзянаў Беларусі, сярод якіх Уладзімір і Казбек Япрынцавы, а таксама іншыя асобы, якія праходзілі ў нядаўнім працэсе ў Менску. Гэтую інфармацыю tut.by пацвердзілі ў Крымінальнай паліцыі.

Крымінальны працэс кваліфікаваны паводле артыкула 195 часткі 3-га Крымінальнага закона Латвіі - легалізацыя сродкаў, набытых злачынным шляхам у значнай суме або ў складзе арганізаванай групы. Пакаранне паводле артыкула - пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дванаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Гаворка ідзе аб фінансавых аперацыях у перыяд з 1 чэрвеня 2013 года да 30 жніўня 2014 года, кампаніямі Edena Investment, Strawfield Logistics, Unicorp Systems, Datacross, Atlantico trade. Паводле версіі следства, рахункі гэтых кампаній маглі быць выкарыстаныя для атрымання і перамяшчэння грашовых сродкаў, атрыманых ашуканскім шляхам у кампаніі Kersey Industries, і легалізацыі сродкаў у аб'ёме не менш за 2,841 млн даляраў. Сярод асобаў, якія, магчыма, маюць дачыненне да кампаній, названы Аляксандр Арабян, Ісаак Пападопулас, Уладзімір Батвінка і Аляксандр Кулікоў. Наяўнасць сярод фігурантаў справы іншых грамадзян Беларусі прадстаўнікі Крымінальнай паліцыі пацвердзіць адмовіліся.

Паводле звестак журналістаў, нягледзячы на тое, што справа распачатая яшчэ ў лістападзе 2016 года, у Беларусь яна не перадавалася, у дачыненні да яго фігурантаў, да прыкладу, Уладзіміра Япрынцава, следчых дзеянняў не вялося.

Кампанія Kersey фігуравала ў працэсе ў Цэнтральным судзе Менску летась як шатландская «дачка» кампаніі Skay IT, камерцыйным дырэктарам якой падпісваўся прызнаны ў працэсе пацярпелым Андрэй Рабцэвіч. Рабцэвіча, які пражывае ў Польшчы, у матэрыялах справы называлі «беларускім бізнэсоўцам», хоць бізнэсам ён у асноўным займаўся за межамі краіны, а ў свой беларускі перыяд біяграфіі быў хутчэй сілавіком, скончыўшы Акадэмію МУС і маючы досвед працы ў праваахоўных органах.

Нагадаем, што 23 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Менска прызнаў Уладзіміра Япрынцава вінаватым паводле ч.1 арт.405 (Загадзя не абяцанае ўкрывальніцтва) і прысудзіў яго да штрафу сумай 1000 базавых адзінак, а ўлічваючы ўтрыманне пад вартай цягам года, змякчыў пакаранне да 500 базавых адзінак (10 500 рублёў - блізу 5,4 тысячы даляраў). Япрынцаў быў вызвалены ў зале суда. Паводле агучанай у судзе інфармацыі, да кампаніям Edena, Strawfield, Unicorp, Datacross, Atlantico ён дачынення не меў і сярод заснавальнікаў пазначаны не быў. Пры гэтым ён прызнаў, што ў яго была картка латышскага «Траст Камерцбанку» (агучанае ў судзе абарачэнне па ёй - нязначныя сумы блізу 2 тысяч еўраў), якой ён карыстаўся для аплаты патрэб спартоўцаў, з якімі выязджаў за межы краіны на зборы і спаборніцтвы.

Казбек Япрынцаў і Аляксандр Арабян прызнаныя судом вінаватымі паводле ч.4 арт.209 (Махлярства) і прыгавораныя да пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Цікава, што пацярпелыя спрабавалі ў крымінальным працэсе дамагчыся задавальнення пазоваў да Уладзіміра Япрынцава. Напрыклад, пазоў ад Рабцэвіча быў на 7,915 млн даляраў. У пазовах суд адмовіў. Дамагацца выплат у Япрынцава-малодшага і Арабяна пацярпелыя цяпер спрабуюць у рамках грамадзянскага судаводства.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках