26 красавiка 2024, Пятніца, 17:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку»

6
«Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку»
ФОТА: ЯЎГЕН ЕРЧАК / TUT.BY

Вуліца Зыбіцкая стала для Менска глытком свабоды.

На вуліцу Зыбіцкую ў Менску ўпершыню з пачатку 2017 года прыйшла праверка. Ды не проста нейкі там маніторынг з Мінгандлю ці МНС, а міграцыйная служба ў суправаджэнні АМАПа. Шукалі сярод супрацоўнікаў рэстарацый «украінцаў, казахаў і людзей усходняй знешнасці», глядзелі на іх дакументы і, паводле звестак рэстаратара Івана Мураўёва, павезлі як мінімум траіх у класічным «сінім бусе», піша euroradio.fm.

ФОТА: ІВАН МУРАЎЁЎ

Чаму гэта важна? Вуліца Зыбіцкая стала для Менска глытком свабоды. Чуем «Зыбіцкая» - уяўляем party да раніцы. Аматары тусовак з'язджаюцца туды з усяго горада: хто проста выпіць віна ў прыемнай кампаніі, хто - да світання падарожнічаць з бара ў бар. Уявіць такое ў Беларусі пяць гадоў таму было наогул немагчыма. А яшчэ гэта немагчыма кантраляваць на 100%, што, са слоў аднаго з рэстаратараў, вельмі не падабаецца міліцыі.

«Мы самі ўсё тут знойдзем»

Увогуле, рэстаратары згаджаюцца каментаваць сітуацыю толькі ананімна. Мы датэлефанаваліся ў некалькі ўстаноў, якія трапілі пад праверку. У адным з іх Еўрарадыё расказваюць, як правяраючыя паводзілі сябе:

«Першым ішоў міліцыянт у форме. Сапраўдны АМАПавец, які можа адарваць галаву. За ім два такія хлопчыкі: дробныя, жылістыя, энэргічныя, у скураных пінжаках. Яны адразу накіраваліся на кухню, дзверы штурхнулі з нагі. Адміністратару, які прапанаваў дапамогу, адказалі «мы самі ўсё тут знойдзем . Калі іх усё ж неяк спынілі, падышоў яшчэ адзін мужчына, больш спакойны, і растлумачыў, што сярод персаналу рэстаранаў шукаюць нелегалаў: украінцаў, казахаў і людзей усходняй знешнасці».

У бары «Клумба» правяраючыя пачулі пах кальянаў і адразу ж запатрабавалі паказаць супрацоўніка, які імі займаецца. «Прыйшоў іх кальяншчык - нардычны бландын. З такой знешнасцю шведам можна быць. Так кім заўгодна, але дакладна не ўсходнім чалавекам. Але ўсё роўна запатрабавалі ад яго паказаць пашпарт. А ў Martlet наогул усіх пабудавалі ў шэраг і загадалі паказаць пашпарты».

Гэта вельмі кантрастуе са звычайнымі паводзінамі міліцыянтаў, якія працуюць на Зыбіцкай. Летась АМАП затрымаў там некалькі чалавек, якія выпівалі не ў барах, а прама на тратуарах, побач з летнімі тэрасамі. Адбыўся скандал, і сёлета ахоўнікі правапарадку паводзяць сябе падкрэслена карэктна.

«У гадзіну ночы весельчакі толькі падцягваюцца»

Паводле вынікаў праверкі не складзена ніводнага пратакола, ніхто не атрымаў прадпісанняў. «Санкцыі, калі будуць уводзіцца, будуць уводзіцца гадзінамі працы», - распавядае яшчэ адзін рэстаратар з Зыбіцкай.

Сапраўды, за некалькі дзён да міграцыйнай праверкі рэстараны, якія знаходзяцца ў найбліжэйшым да Свіслачы куце дома па Зыбіцкай, 6, атрымалі лісты з паведамленнем, што іх час працы збіраюцца скараціць да 23:00. «Для іх гэта смерць. Ёсць, напрыклад, Блінная. Ёсць вінны рэстаран. Адтуль госці самі сабой разыходзяцца да паўночы. Бо людзі, якім віно цікава як прадукт, не будуць сядзець усю ноч. Але ў суседніх рэстаранах апоўначы толькі разгараецца ўсё. Усе апошнія ўзгадненні [аб часе працы. - Заўвага.] былі толькі да гадзіны ночы. А ў гэты час весельчакі толькі падцягваюцца. Таму многія парушаюць».

Некаторыя рэстараны кіруюцца інструкцыямі Мінгандлю. Калі прыходзіць час закрыцця, яны закрываюць дзверы, але нікога не выганяюць і працуюць «да апошняга кліента». Але некаторыя парушаюць адкрыта. І для іх у правяраючых быў падрыхтаваны сюрпрыз:

«А 1:35 - 1:40 з'явіліся нейкія людзі з фотаапаратамі. Яны проста шпацыравалі, калупаліся ў носе, дыхалі паветрам і здымалі тое, што адбываецца ва ўстановах, і час працы на дзвярах. А потым у тых, хто парушаў, пачаліся праблемы. Злапалі як мінімум два такія рэстараны. І гэта, сапраўды, самы негатыўны момант праверкі».

«Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку»

Калі рэстаран хоча працаваць да 23:00, яго час працы ўзгадняецца ў раённай міліцыі. Але, калі хочацца працаваць пазней, трэба звяртацца ў гарадское кіраванне. «І там усё нашмат складаней, - працягвае рэстаратар. - Яны не любяць нас. Ім гэтая Зыбіцкая як бяльмо на воку. Там нешта адбываецца незразумелае, і яны на гэта дрэнна рэагуюць. Бо наша дзяржава хоча ўсё кантраляваць, а кантраляваць Зыбіцкую немагчыма».

Некаторыя ўстановы адкарэктавалі свой час працы, не чакаючы праверак. Напрыклад, «Курылка» раней працавала да 6 раніцы - гэта было выгравіравана на шыльдзе бара. А цяпер там сціплая налепка «Штодня з 12:00 - 02:00».

ФОТА: ІВАН МУРАЎЁЎ
Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках