26 красавiка 2024, Пятніца, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Украіны пра вучэнні «Славянскае братэрства»: Нам зладзілі паказальны фарс

4
Амбасадар Украіны пра вучэнні «Славянскае братэрства»: Нам зладзілі паказальны фарс
ІГАР КІЗІМ
ФОТА: Вадзім Заміроўскі/TUT.BY

Беларусь ператварылася ў фарпост Расейскай Федэрацыі.

На апошніх беларуска-расейска-сербскіх вучэннях «Славянскае братэрства - 2017» назіральнікі змаглі ўбачыць толькі «тэатралізаванае прадстаўленне», а самі вучэнні прайшлі без міжнароднага назірання, заявіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Выступаючы з рэплікай на канферэнцыі Ostrogorski Forum у Менску, дыпламат заклікаў беларускія ўлады да большай адкрытасці ў сувязі з будучымі вайсковымі вучэннямі «Захад-2017» Беларусі і Расеі, піша tut.by.

Свой выступ пасол Кізім пачаў з таго, чаму Беларусі не варта недаацэньваць вонкавыя пагрозы.

- На жаль, гібрыдныя войны рыхтуюцца не тады, калі яны пачаліся, а нашмат раней. У выпадку Украіны была здрада з боку вышэйшага генералітэту, пачынаючы з таго, што апошнія намеснікі міністра абароны былі расейскімі грамадзянамі.

Паводле слоў пасла, у Кіева былі вялікія надзеі на падтрымку міжнароднай супольнасці.

- Абарона кожнай краіны - гэта перш за ўсё справа самой краіны. Надзеі на партнёраў не апраўдаліся. Мы не атрымалі падтрымкі, у тым ліку і смяротнай зброі. Адцісканне Крыма адбылося без адзінага стрэлу, бо мы не былі гатовыя да ўзброенай агрэсіі на памежных пастах, якія захопліваліся. Згодна са статутам кожнай памежнай службы, жаўнер павінен быў страляць. Страляніны не было. Карыстаючыся прапагандай славянскага братэрства, мы не змаглі страляць у расейскіх жаўнераў. Спадзяваліся, што наверсе дамовяцца. Не дамовіліся.

Ігар Кізім адзначыў, што ва Украіне да пачатку вайны гэтак жа, як і сёння ў Беларусі, не думалі, што ў краіны ёсць вонкавыя ваенныя пагрозы.

- Усе нашы сілы былі накіраваныя на нашых суседзяў - не, не Беларусі, іншых краін, у якіх да Украіны былі тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Ніхто ў 2013 годзе не мог прадбачыць тое, што здарылася. Не трэба самазаспакойвацца, ёсць пагрозы, якія немагчыма ўбачыць. Самае страшнае для нас і карыснае для вас - гэта тое, што ўсе краіны зрабілі выснову, на жаль, на ўкраінскім прыкладзе. Тое, чаго мы не змаглі зрабіць, на прыкладзе Грузіі.

Дыпламат тлумачыць больш высокую актыўнасць NATO каля беларускіх межаў агрэсіўнымі паводзінамі Расеі.

- Але што цікава, калі ў Літве і Польшчы праходзяць вучэнні NATO, яны выразна дэкларуюць сваю задуму: не дапусціць расейскай агрэсіі ў Сувалкскім калідоры (тэрыторыя Польшчы і Літвы паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю. - Заўвага). Ці задэклараваная задума вучэнняў «Захад-2017»? Не, цяпер не.

Пры гэтым Кізім прызнаў, што згодна з нормамі АБСЕ абвясціць пра гэта Менск павінен мінімум за месяц да вучэнняў, якія павінны прайсці ў верасні.

- Тым не менш учора ці пазаўчора прайшлі вучэнні «Славянскае братэрства - 2017» Беларусі, Расеі і Сербіі. Мой вайсковы аташэ паехаў туды, для іх зладзілі паказальны фарс. Ім паказалі тэатралізаванае прадстаўленне ў захопе тэрарыстычнай групы на дамбе. Вельмі класна зроблена. А самі вучэнні прайшлі ў іншым месцы, куды не запрасілі ніводнага назіральніка, вайсковага аташэ. Трэба дэманстраваць вялікую адкрытасць.

Паводле слоў пасла Украіны, NATO ўспрымае Беларусь «як фарпост Расейскай Федэрацыі, то бок Расею», і таму такія асцярогі выклікаюць супольныя вучэнні.

- Кожны выбірае сваю форму абароны сваёй бяспекі. Мы выбралі сваю, вы - іншую, і мы гэта паважаем.

Пры гэтым Кізім са шкадаваннем адзначыў, што многія аналітыкі ў Беларусі выкарыстоўваюць украінскі прыклад з адмоўнага боку.

- Гэта падаецца ў такіх формах: «Нам не патрэбны канфлікт, як ва Украіне, патрэбная стабільнасць і г. д». У вас будзе яшчэ нейкі запас, выкарыстоўваць гэтую фішку тут. Але не трэба рабіць так, што першае, што я пачуў, прыехаўшы сюды 2-3 месяцы таму, было: з Украіны ідзе ўсё дрэннае, завозіцца зброя, ловяць нейкіх перабежчыкаў, асуджаюць хлопцаў, якія былі ва Украіне, з розных прычын, прычым - абсалютна надуманых нейкіх.

Дыпламат падкрэсліў, што незаконнае перасячэнне мяжы - гэта злачынства, і Украіна гатовая супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі, каб спыняць такія выпадкі.

Вучэнні «Захад-2017» пройдуць у верасні, у іх плануецца задзейнічаць блізу 3000 расейскіх вайскоўцаў і 280 адзінак вайсковай тэхнікі. У краінах Балтыі і Украіне асцерагаюцца, што пасля заканчэння вучэнняў расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках