26 красавiка 2024, Пятніца, 18:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Беларусі расейскія «Іскандэры»?

29
Навошта Беларусі расейскія «Іскандэры»?

Угода выкліча дыпламатычны скандал: ракеты пакрываюць тэрыторыю Польшчы, балтыйскіх краін і палову Славакіі.

Беларусь вырашыла ўшчыльную заняцца пераўзбраеннем войска. У СМІ яшчэ не сціхла абмеркаванне кантракту на закупку беларусамі дванаццаці ўдарных знішчальнікаў Су-30 СМ, як беларускі пасол у Расеі Ігар Петрышэнка распавёў аб магчымасці закупкі ў будучыні зенітных сістэм С-400 і аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр».

Чуткі пра тое што Расея хоча размясціць «Іскандэры» ў Беларусі кружаць ужо больш за 10 гадоў, гаворыцца ў рэпартажы «Белсата».

Летась Расея размясціла ракетныя комплексы «Іскандэр» у Калінінградскай вобласці. Еўрапейскія палітыкі ў адзін голас назвалі гэты крок Масквы запалохваннем, а генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заявіў, што альянс не пакіне рашэнне Крамля без адказу. Інфармацыя пра ракеты ў Калінінградзе заспела Польскага міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага якраз на сустрэчы з беларускім візаві Уладзімірам Макеем. Тады шэф беларускае дыпламатыі асудзіў рашэнне Крамля.

«Беларусь выступае катэгарычна супраць развязання праблемаў сілавымі і вайсковымі метадамі. Мы адмоўна ацэньваем тое, што адбываецца цяпер у нашым рэгіёне. Гонка ўзбраення, дадатковыя вайсковыя кантынгенты з Усходу і з Захаду – усё гэта не спрыяе росту бяспекі», – казаў Макей.

«Іскандэр» – зброя прэвентыўнай атакі, то бок нападу. Такія ракеты цалкам разыходзяцца з тым, што напісана у вайсковай дактрыне нашае краіны. Адметна, што нават з пункту гледжання сумеснае абарончае стратэгіі Саюзнае дзяржавы Расеі і Беларусі, «Іскандэры» не даюць нам ніякае выгады. Ракеты, якія ўжо стаяць у Калінінградзе пакрываюць тую ж самую тэрыторыю, што і патэнцыйна ракеты з Беларусі. Гэта 80% тэрыторыі Польшчы, кавалак Чэхіі, палова Славаччыны, цалкам Літва Латвія ды Эстонія. Навошта Менску свядома рабіцца пудзілам усёй Усходняй Еўропы?

«У адносінах з Расеяй гэта будзе азначаць яшчэ большую вайсковую залежнасць і дэ-факта прысутнасць, бо абслугоўваць будуць расейцы а мы трапляем у залежнасць, – мяркуе кіраўнік руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. – У адносінах з Еўразвязам можа разгарэцца дыпламатычны скандал, бо такое рашэнне сяброўскім не назавеш».

Калі Беларусь усё ж вырашыць паставіць на ўзбраенне гэтыя ракеты, то ў самым цяжкім становішчы апынецца ўсё тое ж ведамства Уладзіміра Макея. Нялёгкая гэта задача – весці перамовы з Еўропай пра добрыя адносіны ды супольныя праекты і пры гэтым трымаць суразмоўцу на мушцы.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках