24 красавiка 2024, Серада, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўніцай Мінпрыроды можа стаць жонка «гранатамётчыка» Кучынскага

20
Кіраўніцай Мінпрыроды можа стаць жонка «гранатамётчыка» Кучынскага
Ія Малкіна
ФОТА: ECOIDEA.BY

Крэсла міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя застаецца вакантным.

Цяпер абавязкі міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выконвае першая намесніца Андрэя Каўхуты Ія Малкіна. Не выключана, што калі Каўхуту будуць выстаўленыя абвінавачанні, то менавіта Малкіна ў найбліжэйшым часе зойме крэсла міністра, піша belaruspartisan.org.

Міністрам прыродных рэсурсаў можа стаць жонка Віктара Кучынскага

Ія Вітальеўна не любіць распавядаць пра сваё асабістае жыццё. Вядома, што ёй крыху больш за сорак. Яна нарадзілася ў вёсцы Старое Раматава Маларыцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і вайскоўца.

У 1997 годзе скончыла дзённае аддзяленне юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ім. Леніна з адзнакай. Праз тры гады - Акадэмію кіравання пры Лукашэнку ў спецыяльнасці дзелавое адміністраванне. Таксама з адзнакай.

З 1997 г да 2001 года Ія Малкіна працавала ў Дэпартаменце гуманітарнай дзейнасці пры Лукашэнку. Пасля ўзгаднення з Лукашэнкам прызначаная намесніцай дырэктара - начальніцай управы гуманітарнай дзейнасці Дэпартамента гуманітарнай дзейнасці пры Лукашэнку. У гэтыя ж гады Дэпартамент гуманітарнай дзейнасці ўзначальваў даволі вядомы Віктар Францавіч Кучынскі, які збіраўся з гранатамётам у руках абараняць Аляксандра Лукашэнку, за што і атрымаў мянушку «гранатамётчык».

Калі Віктар Кучынскі ўзяў палітычны тайм-аўт, ягоная жонка прадаўжала крочыць наперад па кар'ернай лесвіцы. Яна ўзначальвала юрыдычную службу і галоўную ўправу прававога забеспячэння Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Дзесяць гадоў таму яна абараніла кандыдацкую дысертацыю ў спецыяльнасці адміністрацыйнае права.

Адклікаюцца пра амбіцыйную Малкіну па-рознаму. Адны называюць яе хваткай, іншыя жорстка крытыкуюць.

Да нядаўняга часу Малкіна курыравала буйныя праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі - праз Мінпрыроды ў Беларусь паступаюць дзясяткі мільёнаў даляраў тэхнічнай дапамогі, размеркаваннем якіх і займаюцца чыноўнікі.

Ія Малкіна сябруе з вядомай беларускай чыноўніцай Надзеяй Каткавец.

У Мінпрыроды Ія Малкіна працуе з траўня 2014 года. Дарэчы, менавіта яе прадказвалі ў крэсла міністра да прызначэння Каўхуты. Ці наканавана гэтым прагнозам спраўдзіцца - пакажа час...

***

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Андрэй Каўхута стаў фігурантам крымінальнай справы аб арганізацыі службовай падробкі, паведамілі ў Следчым камітэце Беларусі. З падазраваным праводзяцца следчыя дзеянні, мера стрымання не ўжывалася. Паводле пастановы следства абраная мера працэсуальнага прымусу - адхіленне ад пасады.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках