26 красавiка 2024, Пятніца, 6:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі адстаялі Асмалоўку?

17
Менчукі адстаялі Асмалоўку?

Жыхары сталіцы дамагліся адмены зносу аўтэнтычнага раёна ў цэнтры сталіцы.

Днямі скончылася грамадскае абмеркаванне аднаго з самых вядомых менскіх раёнаў. Спрэчкі пра лёс менскай Асмалоўкі вяліся не адзін год, сёння ж у справе была пастаўленая кропка: на пасяджэнні архітэктурнай рады былі разгледжаныя ўсе прапановы і варыянты і вынесеная канчатковая пастанова, піша onliner.by.

Грамадскае абмеркаванне раёна адбывалася некалькі тыдняў. Да моманту прэзентацыі праекта петыцыю супраць зносу падпісала больш за шэсць тысячаў чалавек, цяпер колькасць праціўнікаў зносу з улікам калектыўнага звароту ўжо пераваліла за дзевяць тысячаў, што складае насельніцтва невялікага горада. Супраць такой пастановы выступілі не толькі мясцовыя жыхары, але і грамадскія актывісты, якія ўпэўненыя, што ўлады павінны прыслухацца да такой бурнай рэакцыі людзей і прыняць адпаведную пастанову.

Нягледзячы на тое, што паводле генплана раён падлягае рэканструкцыі, праект, прапанаваны архітэктарамі, мае на ўвазе знос гістарычнага раёна. Гэтая невялікая дакументальная фармальнасць вынікуе шэраг наступстваў: як мінімум у гэтым выпадку прадстаўнікі грамадскасці не могуць удзельнічаць у абмеркаванні – ім дазволена толькі прысутнічаць на пасяджэннях і трансляваць інфармацыю. Тым не менш перад пачаткам мерапрыемства сакратарка паабяцала прадстаўнікам занепакоеных грамадзянаў вылучыць час для іх прэзентацыі.

Прэсу на паседжанне не пусцілі, прысутнічаць дазволілі толькі адной дзяржаўнай газеце, якая ўваходзіць у раду прэзідыума. Першапачаткова планавалася, што на пасяджэнні змогуць прысутнічаць толькі два прадстаўнікі грамадскасці, але за некалькі хвілінаў да пачатку мерапрыемства арганізатары павялічылі колькасць да сямі ўдзельнікаў ад дзвюх ініцыятыўных групаў.

Звычайна пасяджэнні архітэктурнай рады праходзяць у больш спакойным рэжыме, сёння ж у калідоры нервова: заклапочаныя грамадзяне адточваюць свае прамовы, абмяркоўваюць нюансы, дзеляцца адзін з адным таблеткамі валяр'янкі.

Актывісты распрацавалі 42-старонкавы дакумент, у якім выкладзеныя ўсе іхнія прапановы, а таксама распісаныя ўсе недахопы разгляданага праекта. На пасяджэнне прадстаўнікі ініцыятыўнай групы ідуць з шэрагам заўваг, які спадзяюцца агучыць і коратка аргументаваць.

Згодна з пратаколам падлягаюць зносу помнікі архітэктуры, якія маюць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці. У іх ліку і знакаміты будынак на Кісялёва, 28 / Багдановіча, 24.

Праектам не прадугледжаныя ахоўныя зоны для 10 помнікаў архітэктуры, якія прымыкаюць да межаў тэрыторыі Асмалоўкі, сярод якіх Вялікі акадэмічны тэатр оперы і балета, будынак Міністэрства абароны, Менскае сувораўскае ваеннае вучылішча, будынак СШ №21 на вуліцы Куйбышава, 19 і іншыя.

Праектам прадугледжаная такая плошча жылля (76 000 квадратных метраў), для якой спатрэбіцца больш за 1000 парковачных месцаў, а ў рэальнасці на наяўнай тэрыторыі можна размясціць не больш за 400.

Праектам прадугледжанае будаўніцтва падземных паркінгаў пад дзіцячымі садамі, што забаронена заканадаўствам.

Прадугледжана будаўніцтва ўбудаваных дзіцячых садоў на 90 месцаў, пры норме не больш за 75.

Згодна з генпланам тэрыторыя ў межах Кісялёва – Куйбышава – Камуністычнай – Старавіленскай адносіцца да зоны 20 01, што азначае наяўнасць не больш за 20% жылплошчы, у плане дэталёвага планавання паказана 50%.

Тэрыторыя Асмалоўкі з'яўляецца часткай планіровачнага ядра горада і ўяўляе з сябе зону асаблівага архітэктурна-прасторавага рэгулявання, аднак у ПДП гэта ніяк не ўлічваецца.

Паколькі на пасяджэнні архітэктурнай рады абмяркоўвалася адразу некалькі пытанняў, актывістаў папрасілі пачакаць у калідоры да пачатку абмеркавання цікавага для іх пытання.

Абмеркаванне доўжылася больш за гадзіну. Архітэктары прыводзілі свае аргументы, прадстаўнікі грамадскасці спрабавалі адстаяць свае інтарэсы.

Пасяджэнне пачаў галоўны архітэктар праектаў УП «Менскграда» Аляксандр Бандарчык, які коратка апісаў прадстаўлены ПДП і адказаў на некалькі пытанняў.

Адразу пасля выступу архітэктара слова было дадзенае прадстаўніку Цэнтральнага раёна, які канстатаваў, што ПДП выкананы з парушэннямі, і прапанаваў адхіліць існы план. Выказаўся за захаванне раёна і прадстаўнік Беларускага саюза архітэктараў. Пасля доўгіх і ажыўленых дэбатаў архітэктары сышліся на думцы, якую, падобна, мала хто чакаў: жыхары Асмалоўкі перамаглі!

На выхадзе з будынка Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама жыхар Асмалоўкі Андрэй Эзерын дастаў тэлефон і напісаў усяго тры словы: «Асмалоўка, мы перамаглі!»

Са словаў актывістаў, дыскусія праходзіла даволі насычана: было шмат меркаванняў, прапановаў і крытыкі. У канцы сустрэчы архітэктары паведамілі пра тое, што праект не можа быць ухвалены.

Зразумела, актывісты і мясцовыя жыхары вынікамі задаволеныя, хоць пакуль і не зусім зразумела, якія змены чакаюць план.

Са словаў актывіста Дзяніса Кобрусева, на адхіленні існага плана настойвалі практычна ўсе чальцы рады. Тым не менш шмат хто казаў пра тое, што тэрыторыя усё ж уяўляе вялікую горадабудаўнічую каштоўнасць і альтэрнатыву існаму праекту неабходна будзе знайсці. Акрамя таго, Павел Лучыновіч заявіў, што будзе хадайнічаць ў Менгарвыканкам пра правядзенне дадатковай экспертызы дамоў, якая павінна паказаць, як на самай справе ідуць справы са станам двухпавярховак у Асмалоўцы.

Актывіст Андрэй Эзерын пасля крыкаў «ура!» і глыбокага выдыху павіншаваў усіх неабыякавых і пераказаў словы аднаго з архітэктараў, якія выступалі на сустрэчы:

– Я не ведаю імя гэтага чалавека, але ён сказаў вельмі правільныя словы: барацьба вакол Асмалоўкі сфармавала грамадзянскую супольнасць. У людзей не было шкурнай зацікаўленасці, але яны самааддана абаранялі найпрыгажэйшы раён. І гэта выдатна.

Укладальнік праекта Аляксандр Бандарчык даў невялікі каментар Onliner.by:

– Фармулёўка пра дапрацоўку праекта досыць сумнеўная: яна кажа пра тое, што праект не быў выкананы да канца. У гэтым жа выпадку я мяркую, што гэты праект будзе адхілены ў прынцыпе. Дакладная фармулёўка і афіцыйны адказ, думаю, будуць яшчэ вельмі няхутка, бо да гэтага раёну павінна быць дадзеная ацэнка Міністэрства культуры, а гэта можа адбывацца гадамі.

На пытанне пра задаволенасць пастановай архітэктар адказаў коратка:

– Я нармальна стаўлюся да пастановы, але нам варта падумаць: мінулае мы абараняем або будуем будучыню? Гораду трэба развівацца, варта гэта разумець.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках