27 красавiка 2024, Субота, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Мы разлічваем на падтрымку простых людзей і падтрымку патрыётаў

15
Мікалай Статкевіч: Мы разлічваем на падтрымку простых людзей і падтрымку патрыётаў
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

8 верасня Беларускі Нацыянальныя Кангрэс правядзе Акцыю папярэджання.

Мікалай Статкевіч у інтэрв’ю «Радыё Свабода» пракаментаваў ініцыятыву Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу аб правядзенні ў Менску 8 верасня акцыі папярэджання

— У верасні пройдуць сумесныя расейска-беларускія вайсковыя вучэнні «Захад-2017». Сцэнар гэтых вучэнняў звычайна агрэсіўны, ён прадугледжвае прарыў у бок Сувалкаўскага калідора. Безумоўна, такі фармат напружвае суседзяў Беларусі. Цяпер на фоне абвастрэння стасункаў Расеі з NATO і вядзення баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны, ва ўдзеле ў якіх абвінавачваюць Расею, гэтыя засцярогі яшчэ большыя.

Гучаць галасы пра тое, што тыя тысячы расейскіх вайскоўцаў, якія ўвойдуць у Беларусь падчас вучэнняў, могуць застацца тут у выглядзе пастаяннай вайсковай базы. Акрамя таго, ёсць засцярогі і пэўная інфармацыя, што рыхтуюцца базы захоўвання для расейскай вайсковай тэхнікі. І гэта таксама будзе сведчыць пра падрыхтоўку да магчымай агрэсіі супраць суседзяў Беларусі, нават калі на гэты раз расейскія войскі выйдуць. Гэта стварае вялікую небяспеку для незалежнасці Беларусі, уцягвання яе ў вайсковы канфлікт.

Беларускі рэжым знаходзіцца ў поўнай эканамічнай, палітычнай і вайсковай залежнасці ад Расеі. І пры жаданні расейскае кіраўніцтва здольнае прымусіць яго да любога, у тым ліку да новых вайсковых базаў, да базаў захоўвання і гэтак далей.

Таму мы лічым, што трэба рэагаваць і папярэдзіць гэтую небяспеку. Мы вырашлі правесці 8 верасня акцыю папярэджання. Гэта папярэджанне агрэсару і гэта спроба папярэдзіць негатыўны сцэнар развіцця падзей, пагрозы беларускай незалежнасці.

Мікалай Статкевіч адзначыў, што 8 верасня спаўняецца 25 гадоў, як тысячы беларускіх вайскоўцаў, дзейных і ў запасе, прынялі на плошчы Незалежнасці сімвалічную прысягу на вернасць Беларусі. Яны паабяцалі бараніць краіну ў выпадку пагрозы.

— Мы лічым у Радзе БНК, што цяпер ёсць нагода зрабіць падобную акцыю. Мы прапануем Клятву свабоды. Каб людзі, якія выйдуць на гэтую акцыю, пакляліся вызваліць Беларусь з-пад унутранай акупацыі і не дапусціць вонкавай агрэсіі, вонкавай акупацыі. Мы лічым, калі акцыя будзе масавай, то яна здолее папярэдзіць негатыўныя сцэнары. Мы заклікаем усіх патрыётаў Беларусі далучыцца да гэтай акцыі а 18 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Менску 8 верасня.

— Ці гатовы тэкст Клятвы свабоды?

— Мы будзем яго зацвярджаць, над ім будзе больш працаваць Уладзімер Някляеў. Мы ўсе будзем працаваць над ім. Я думаю, мы яго надрукуем бліжэй да гэтай акцыі папярэджання.

— Ці разлічваеце вы на падтрымку іншых партый ці рухаў?

— Калі мы пачыналі 17 лютага кампанію сацыяльнага і палітычнага пратэсту ў Менску, мы не разлічвалі на падтрымку нейкіх канкрэтных арганізацый, якія не ўвайшлі ў БНК. Але мы разлічвалі на падтрымку простых людзей, дэмакратычных актывістаў з усіх арганізацый. Мы гэтую падтрымку ў той ці іншай ступені атрымалі. І цяпер мы будзем разлічваць на падтрымку патрыётаў. А ва ўсіх прадстаўнікоў апазіцыйных арганізацый ёсць магчымасць даказаць, што яны патрыёты. А інакш няхай яны шукаюць аргументы, чаму яны не хочуць супрацьстаяць рэальнай пагрозе, - заўважыў Мікалай Статкевіч.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках