26 красавiка 2024, Пятніца, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дыктат ператвараецца ў маразм, густыя бровы Брэжнева адпачываюць убаку»

3
«Дыктат ператвараецца ў маразм, густыя бровы Брэжнева адпачываюць убаку»
ФОТА: SVABODA.ORG

На восеньскіх акцыях пратэсту трэба будзе «падлячыць» уладу, што заседзелася ля стырна.

Беларускі нацыянальны кангрэс правёў сустрэчу ў Гародні, каб праінфармаваць пра сваю дзейнасць.

У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Рады БНК Сяргей Верамеенка, Вячаслаў Сіўчык і Мікола Статкевіч.

У невялікай зале сабраліся некалькі дзясяткаў актывістаў. Людзі прыйшлі зусім розныя – маладыя хлопцы ў майках з «Пагоняй», пажылыя жанчыны, з цікавасцю слухалі выступоўцаў мужчыны пад 40, піша сайт belaruspartisan.org.

Уся надзея на рэгіёны

«У Менску мы не змаглі аб'яднаць апазіцыю, мы вялі перамовы з прадстаўнікамі розных сілаў паўгода, але так ні да чаго не прыйшлі, мы зразумелі, што гэта сабатаж. Але ў рэгіёнах іншая сытуацыя, людзі тут кансалідуюцца, ствараюцца кааліцыі з прадстаўнікамі ўсіх палітычных рухаў», – сказаў у час сустрэчы Мікола Статкевіч.

Сёння створана 14 рэгіянальных кааліцый.

«Яшчэ я не выключаю вонкавы ўплыў з боку ўлады, які перашкаджае нашаму аб'яднанню», – адзначыў Статкевіч.

Прыпыненне дэкрэта №3, вызваленне паводле «справы патрыётаў»

Лідары БНК распавялі пра сваю дзейнасць за год.

«Мы адразу прынялі стратэгію ціску на ўладу: арганізаваць і накіраваць узрослы сацыяльны пратэст з мэтай прымусіць уладу дэмакратызаваць палітычнае і эканамічнае жыццё.

Калі мы 15 сакавіка летась прымалі такую стратэгію, нас пыталіся – які сацыяльны пратэст, дзе вы яго ўбачылі? Але трэба ўмець прагназаваць, ведаць сітуацыю, людзей, іх настрой. Мы спрагназавалі сацыяльны пратэст, падрыхтаваліся да яго і падрыхтавалі механізм рэалізацыі, паказалі яго людзям. Мы выходзілі на акцыі, паказвалі людзям, як трэба рабіць. Гэта лепш, чым прымаць рэзалюцыі і хадзіць на выбары. Мы адваявалі людзям у цэнтры пляцоўку для пратэсту. Людзі ў пачатку года скарысталіся гэтым, выйшлі ў цэнтры гарадоў», – сказаў Мікола Статкевіч.

Тое, што ўлада прыпыніла дзеянне дэкрэта №3, стала заслугай выхаду на мірныя акцыі беларусаў з пратэстамі.

«Тое, што дэкрэт №3 прыпынены – гэта заслуга актывістаў, якія выводзілі людзей на масавыя акцыі па ўсёй Беларусі. Мы папалохалі ўлады і вымусілі прыпыніць дэкрэт. Калі перастанем палохаць, улады зноў увядуць гэты дэкрэт і возьмуць падатак за два гады. Таму восенню прадоўжым», – сказаў палітык.

«Вы ведаеце, чым скончылася першая вясновая фаза пратэстаў: улада ўжыла сілу. Гэта ёй дорага каштавала: яна страціла крэдыт МВФ на 3,5 млрд долараў, які вось-вось магла атрымаць. Атрымалася самая дарагая паліцэйская аперацыя ў свеце», – дадаў Статкевіч.

«У Менску мы правялі акцыі 1 траўня і 3 ліпеня, вымусілі ўлады выпусціць на свабоду нявінна арыштаваных людзей у справе тэрарыстаў. Улады нават не сталі чакаць акцыі 3 ліпеня і выпусцілі раней, каб паменшыць яўку на акцыю. Мы паказалі народу і ўладзе, што людзі здольныя кансалідавацца», – адзначыў Статкевіч.

«Ёсць тут некаторыя людзі, якія называюць сябе лідарамі апазіцыі, якія заклікаюць не выходзіць на акцыі пратэсту і чакаць, пакуль народ сам паспее. Мы так чакаем ужо шмат гадоў. Заўсёды ёсць хтосьці, хто першым устае з акопаў і вядзе народ за сабой. Трэба паказваць, што ёсць людзі, якія не баяцца, што ёсць праўда. Інакш, калі ўсе сядзяць, галава ў плечы, грамадства ператвараецца ў куратнік, дзе вышэйшыя гадзяць на ніжэйшых. Людзі, якія выходзяць на плошчу, выратуюць мільёны, выратуюць краіну, таму што яны вызначаюць сістэму каардынатаў. Чаго вартая свабода, калі за яе ніхто не гатовы ахвяраваць», – заявіў Мікола Статкевіч.

«Мы вярнулі пляцоўку свабоды, адваявалі гэты спосаб выказвання народнага пратэсту. Мы хочам прымусіць уладу заўважыць народ і размаўляць з ім. Мы гатовыя да перамоваў. Хоць і мяркуем, што гэтая ўлада бандыцкая, злачынная. Я мяркую, што Лукашэнка – забойца. Але і з забойцамі садзяцца і вядуць перамовы, калі яны бяруць у закладнікі людзей. Мы гатовыя гарантаваць Лукашэнку бяспеку, толькі сыдзі спакойна, дай нам нармальныя сумленныя выбары. Калі ўсё застанецца як і раней, мы будзем узмацняць ціск. Калі на вуліцы выходзяць сотні тысячаў людзей, улада пачынае разбурацца знутры», – заявіў Статкевіч.

Лукашэнкаўскі дыктат задоўжыўся

Не раз ад лідараў БНК гучала думка, што баяцца не трэба, трэба самім станавіцца лідарамі, браць сцяг у рукі і весці за сабой іншых. Тым больш, што ў людзях кіпіць жаданне пратэсту.

«Лукашэнкаўскі дыктат задоўжыўся і ператвараецца ў маразм. Брэжнеў са сваімі густымі бровамі адпачывае убаку. Будучы год, пачынаючы з восені, будзе вялікім выпрабаваннем для беларусаў і Беларусі, нам яго трэба перажыць. Але мы хоць бы мінімальна павінны ўплываць на сітуацыю. Калі ўлада ў нас нечалавечая, нам трэба заставацца людзьмі і падтрымліваць адзін аднаго, падтрымліваць беларускае. Дзякуючы стрымам падчас пратэставай вясны было відаць, як простыя людзі ненавідзяць уладу. Гэта бачылі і мы, і ўлада. Нам трэба не быць закладнікамі, а гучна казаць пра нацыянальны інтарэс», – сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Мяркуючы з размоваў паміж удзельнікамі сустрэчы, яны ўскладаюць вялікія надзеі як на БНК, так і асабіста на Міколу Статкевіча. Асабліва гэта відаць з некалькіх маладых людзей, якія прыйшлі на сустрэчу – яны глядзелі на палітыка з нейкім захапленнем, як быццам бачачы ў ім новага Каліноўскага.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках