26 красавiка 2024, Пятніца, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску на Каменнай Горцы гадзюка джганула хлопчыка

27
У Менску на Каменнай Горцы гадзюка джганула хлопчыка

Дзіця выйшла на двор пагуляць і трапіла ў рэанімацыю.

Няшчасны выпадак адбыўся ў аўторак, і толькі цяпер, калі жыццю хлопчыка нічога не пагражае, бацька надумаў паведаміць пра гэта СМІ.

«Майго сына Яна джганула змяя», - паведаміў nn.by ягоны бацька Даніла Лях.

Яну 10 гадоў, ён навучэнец 23-й гімназіі. У аўторак удзень хлопец выйшаў з пад'езда ў двор вуліцы Кунцаўшчына, і адразу ўбачыў дзяцей, якія сабраліся ў адным месцы і нешта разглядаюць. Ён таксама зацікавіўся, падышоў - проста перад пад'ездам ляжала вужака. Дзеці яе штурхалі, гулялі. Янка таксама ўзяў удзел у агульнай забаве, аднак як толькі паднёс да змяі палец, тая яго ўкусіла».

Хлопчык вельмі спалохаўся, прыбег дадому, плакаў: з указальнага пальца сачылася кроў. Спачатку маці надумала адвесці яго ў паліклініку, але па дарозе туды яму стала дрэнна: Ян збялеў і перастаў бачыць. Тады ўжо бацькі выклікалі хуткую і МНС.

«Ніхто не чакае сустрэць гадзюку на прыступках свайго дома ў горадзе. Гэта ж не лес. Таму для нас гэта быў форс-мажор, а Ваня не ведаў, як трэба сябе паводзіць з вужакай», - каментуе здарэнне бацька.

Хлопчыка прывезлі ў рэанімацыю 3-й гарадской дзіцячай лякарні, лекары якой спачатку сумняваліся, што ўкусіць малога ў горадзе магла гадзюка, маўляў, адкуль яна ўзялася ў Менску? Усе былі ўпэўненыя, што гэта мядзянка. І толькі калі МНС вынеслі вердыкт - гэта гадзюка звычайная, бо вочы ў яе з вертыкальным разрэзам, спрэчка спынілася.

Яну ўвялі сыроватку-антыдот, некалькі дзён ён правёў у рэанімацыі. Цяпер ягоны стан стабільны, хлопчык адчувае сябе добра. Праўда, дагэтуль уджаленая рука застаецца ў ацёках і гематомах. У шпіталі ён правядзе яшчэ мінімум тыдзень. Бацькі вельмі ўдзячныя лекарам і спадзяюцца, што ніякіх наступстваў для арганізма яд мець не будзе.

Вінаватую ж у здарэнні амаль адразу адлавілі супрацоўнікі МНС, хоць яна спрабавала ўцячы, змясцілі ў банку ды ізалявалі.

Нагадаем, 3 жніўня супрацоўнікі МНС ліквідавалі гадзюку ў сталічнай кватэры на вуліцы Ландэра: тая сцішылася ў пліце. У чэрвені вужака таксама ўкусіла мужчыну каля Драздоў. Мяркуецца, што такая гіперактыўнасць вужак назіраецца ў сувязі з мокрым летам.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках