14 траўня 2024, aўторак, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы прызналі Ігара Комліка палітвязням

1
Праваабаронцы прызналі Ігара Комліка палітвязням
ІГАР КОМЛІК

Праваабаронцы запатрабавалі неадкладнага вызвалення Ігара Комліка.

Намесніка старшыні прафзвяза РЭП Ігара Комліка беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую падпісалі 11 арганізацый: Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, Беларускі Дом правоў чалавека імя Б. Звазскова, ПУ "Беларускі дакументацыйны цэнтр", РПГА "Беларускі Хельсінскі камітэт", ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", простае таварыства "Ініцыятыва FORB ", праваабарончы цэнтр "Вясна" (закрыты беларускімі ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва", Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", установа "Кансультацыйны цэнтр актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве "Х’юман Канстанта", асветніцкая ўстанова "Цэнтр прававой трансфармацыі".

Заява прынятая ў сувязі з крымінальнай справай супраць кіраўнікоў прафзвязу РЭП, якую завялі 2 жніўня беларускія сілавыя структуры. Старшыню прафзвязу Генадзя Фядыніча і ягонага намесніка, галоўнага бухгалтара прафзвязу Ігара Комліка абвінавачваюць у "нявыплаце падаткаў у асабліва вялікай суме".

Праваабаронцы мяркуюць, што беларускія ўлады вядуць наступ на незалежны прафзвязны рух у краіне.

"У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, нагадваем уладам Рэспублікі Беларусь, што згодна з артыкулам 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны мае права на свабоду асацыяцыяў з іншымі, уключаючы права ствараць прафзвязы і ўступаць у такія для абароны сваіх інтарэсаў. Карыстанне гэтым правам не мае ніякіх абмежаванняў, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў", - гаворыцца з гэтай нагоды ў заяве, якую падае праваабарончы сайт "Вясна".

Праваабаронцы заяўляюць, што крымінальная справа на кіраўнікоў прафзвязу РЭП Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча палітычна матываваная, звязана з іх актыўнай прафзвязнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленнем права на свабоду асацыяцыяў.

Таму яны заклікаюць спыніць крымінальны пераслед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка. "У сувязі з утрыманнем Ігара Комліка ў ізаляцыі разглядаем яго ў якасці палітвязня і патрабуем ягонага неадкладнага вызвалення. Адначасова патрабуем ад уладаў Беларусі спыніць ціск на незалежны прафзвязны рух і заклікаем адмовіцца ад неправамернага ўмяшання ў іх дзейнасць", - заяўляюць праваабаронцы.

Да беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці яны звяртаюцца з заклікам выкарыстаць усе магчымыя сродкі палітычнага і прававога ціску на ўрад Беларусі для вызвалення Ігара Комліка.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках