У Малі паўстанцы і джыхадысты атаквалі пазіцыі расійскага «Афрыканскага корпуса»
- 5.07.2026, 17:05
- 1,048
Байцы ўзялі пад кантроль Анефіс.
У Малі паўстанцы і джыхадысты правялі серыю атак на пазіцыі арміі і праўрадавых сіл. Пад удар патрапілі гарады Анефіс, Агельхок і Гао на поўначы краіны, Севарэ і раён Коны ў цэнтральнай частцы Малі, а таксама турма ў Кеніеробе на поўдзень ад сталіцы Бамако, піша The Insider.
Галоўнай мэтай стаў Анефіс у рэгіёне Кідаль. Там знаходзяцца пазіцыі малійскай арміі і расійскіх байцоў «Афрыканскага корпуса», якія падтрымліваюць ваенную хунту ў Бамако. Пасля папярэдняга буйнага наступлення ў красавіку малійскія і расійскія сілы адступілі ў Анефіс з Кідаля і Тэсаліта.
Прадстаўнік туарэгскага «Фронту вызвалення Азавада» Мухамед Эльмаўлюд Рамадан сцвярджае, што байцы групоўкі ўвайшлі ў Анефіс. Le Monde перадае яго словы пра тое, што «Фронт вызвалення Азавада» кантралюе горад, але малійскія і расійскія вайскоўцы застаюцца ў сваім лагеры. France 24 са спасылкай на мясцовага чыноўніка таксама паведамляе, што паўстанцы ўзялі пад кантроль Анефіс, а расійскія байцы замацаваліся ў лагеры.
Незалежнага пацвярджэння поўнага захопу Анефіса пакуль няма. Армія Малі заявіла, што ўсе атакі былі адбіты, а сітуацыя «поўнасцю пад кантролем». Паводле яе версіі, у Севарэ былі забітыя 20 нападнікаў, у Гао — яшчэ шэсць, адзін праўрадавы баец загінуў, а чацвёра атрымалі раненні. Расійскі «Афрыканскі корпус» таксама сцвярджае, што яго падраздзяленні разам з малійскай арміяй адбіваюць атакі.
Telegram-канал «Афрыкарь» прызнае, што баявікі ўвайшлі ў межы горада Анефіса. Пры гэтым канал сцвярджае, што ім не ўдалося захапіць ключавы аб'ект — ваенную базу на захад ад горада, а ў Гао, Севарэ і Агельхоку атакі былі адбіты або абмежаваліся абстрэламі.
Адказнасць за атакі фактычна заявілі дзве сілы. Першая — «Фронт вызвалення Азавада», туарэгская сепаратысцкая групоўка, што дамагаецца незалежнасці поўначы Малі. Другая — «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін», філіял «Аль-Каіды» ў Сахелі. Паводле Reuters, першая заявіла, што атакавала і захапіла прынамсі сем пазіцый арміі або праўрадавых сіл, аднак гэтае сцвярджэнне таксама не пацверджана незалежна.
Пасля разрыву з Францыяй і іншымі заходнімі партнёрамі ваенная хунта Малі зрабіла Маскву адным з галоўных знешніх ваенных саюзнікаў. Расійскі «Афрыканскі корпус» прыйшоў на змену ПВК «Вагнер» і дапамагае малійскай арміі ўтрымліваць тэрыторыі, змагацца з джыхадыстамі і падаўляць туарэгскіх сепаратыстаў.
Анефіс мае стратэгічнае значэнне, бо гэта адзін з апошніх апорных пунктаў малійскай арміі і расійскіх сіл у рэгіёне Кідаль пасля красавіцкага наступлення паўстанцаў.
Le Monde адзначае, што страта горада стала б сур'ёзным ударам па хунце: Анефіс знаходзіцца на шляху да Гао і Тымбукту, двух найбуйнейшых гарадоў на поўначы Малі.
Бягучае наступленне стала працягам красавіцкай эскалацыі, калі «Фронт вызвалення Азавада» і «Джамаат Нусрат аль-Іслам валь-Муслімін» ужо правялі буйную сумесную аперацыю, атакавалі некалькі гарадоў, уключаючы Бамако. У Маскве сцвярджалі, што працягнуць падтрымліваць улады Малі.