Менскі метрапалітэн падлічыў пасажыраў за мінулы год
3- 10.01.2018, 21:54
- 13,842
«Каменная Горка» і «Плошча Незалежнасці» – найбольш папулярныя станцыі менскага метро.
У 2017 годзе паслугамі Менскага метрапалітэна скарысталіся 284,2 мільёна пасажыраў, у тым ліку Маскоўскай лініяй – 164 мільёны (57,7% агульнай пасажыраплыні), Аўтазаводскай – 120,2 мільёна (42,3%).
Пра гэта паведамляе сайт падземкі.
У сярэднім за суткі метрапалітэн перавозіў 778,5 тысячы пасажыраў, з іх 449,2 тысячы – па Маскоўскай лініі, і 329,3 тысячы – па Аўтазаводскай.
Пік пасажырскіх перавозак у метро 2017 года трапіў на кастрычнік: 28,3 мільёна чалавек, а менш за ўсё пасажыраў зафіксавана ў ліпені: 19,7 мільёна.
Самымі запатрабаванымі станцыямі Маскоўскай лініі зноў застаюцца нязменныя лідары: «Плошча Леніна», «Плошча Якуба Коласа» і «Уручча», дзе зафіксавана адпаведна 56,6 тысячы, 47,6 тысячы і 46,8 тысячы пасажыраў за суткі. На чацвёртую ў рэйтынгу станцыю – «Акадэмія навук» – штодня ўваходзяць 39,2 тысячы чалавек, на пятую – «Малінаўку» – без малога 35,3 тысячы.
Найменшая колькасць пасажыраў была зафіксаваная на станцыях «Грушаўка» і «Міхалова»: 13,9 тысячы і 14,5 тысячы пасажыраў адпаведна.
Сярод станцыяў Аўтазаводскай лініі ўпэўнена першынствуе (як і ў цэлым у метрапалітэне) «Каменная горка» з штодзённымі 59,2 тысячамі пасажыраў. На другую паводле наведвальнасці «Магілёўскую» заходзілі ў сярэднім 40 тысячаў пасажыраў, трэці радок – у «Нямігі» з 36,1 тысячамі пасажыраў за суткі.
Традыцыйна на гэтай самай лініі самыя нізкія вынікі пасажыраплыні ў Менскім метрапалітэне: «Купалаўская» (5,6 тысячы) і «Першамайская» (8,5 тысячы).
У пераднавагодні дзень 31 снежня паслугамі падземкі скарысталіся без малога 314 тысячаў менчукоў і гасцей сталіцы, а навагоднюю ноч (з паўночы і да 4-й раніцы) у цягніках сустрэлі 60 тысячаў пасажыраў. Не пуставала метро і ў першы дзень новага года, перавезла 209 тысячаў пасажыраў.
У навагоднюю ноч праз турнікеты станцыі «Няміга», якая выводзіла менчукоў да пляцоўкі самых масавых навагодніх гулянняў каля Палаца спорту, прайшлі блізу 15 тысячаў чалавек.
Для параўнання: за 2015 год падземка перавезла 305,3 мільёна пасажыраў, а ў 2016-м – 291 мільёнаў чалавек. Пасажыраплынь у метро падае некалькі гадоў запар. Магчыма, адна з прычынаў гэтага – укаранёны ў снежні 2015 года павышаны тарыф на праезд у метро ў параўнанні з наземным транспартам.