11 траўня 2024, Субота, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Высакародны ўчынак Домрачавай: страты і набыткі

30
Высакародны ўчынак Домрачавай: страты і набыткі
ФОТА: VK.COM/УБІЯАТЛОНЕ

Гонка Кубка свету ў італьянскім Антхольцы яшчэ раз пацвердзіла, што не ўсё вымяраецца грашыма і баламі.

Падчас фінішнага змагання з Даратэя Вірэр за срэбра ў гонцы пераследу Дар'я Домрачава выпадкова выбіла лыжай палку італьянкі, але, атрымаўшы відавочную перавагу, не стала апярэджваць «аднарукую» спаборніцу. Даратэя фінішавала другой, а Дар'я, дэманстратыўна апусціўшы рукі, дакацілася трэцяй, піша kp.by.

- У фінішным створы я наступіла на палку Дароты, і яна яе страціла, - сказала пасля завяршэння гонкі Домрачава. - На мой погляд, было б несумленна змагацца са спартоўкай без палкі, якая страчаная на маю віну.

Пераважная большасць заўзятараў захапляецца высакароднасцю Домрачавай. Але эпізод выклікаў і спрэчкі.

Такім чынам, некалькі наіўных пытанняў пра ўчынак Дар'і.

Якія былі яе шанцы апярэдзіць Вірэр?

Гонку выйграла немка Лаура Далмайер, а Домрачава і Вірэр спрачаліся за срэбра ў кантактнай барацьбе на фінішы. Дар'я імчалася за Вірэр і на павароце да фінішнай прамой наехала лыжай на палку італьянкі. Тая яе выпусціла і ўжо не магла захаваць хуткасць праз тое, што адштурхоўвалася толькі адной рукой. Да фінішу заставалася больш за сто метраў і няма ніякіх сумневаў, што Домрачава апярэдзіла б спаборніцу.

Домрачава парушыла правілы?

Не. Гэта праблема Вірэр, што яна не ўтрымала палку. У кантактных лыжных гонках такія эпізоды не рэдкасць.

Ці зрабіла б так Домрачава, калі б спрэчка ішла за медаль Алімпіяды?

Пра гэта спыталі Дар'ю пасля фінішу. Бо адна справа адмовіцца ад медалі чарговай гонкі Кубка свету, якіх кожны сезон праходзяць дзясяткі, і зусім іншае ад алімпійскай. Алімпіяда праходзіць раз у чатыры гады. Гэта значыць пытанне ў кошце такой высакароднасці.

- Гэта здарылася сёння, тут і цяпер, і на гэты момант я наважыла, што так будзе сумленна нават у дачыненні да мяне як да спартоўкі, - сказала Домрачава «Матч ТВ».

Што Домрачава набыла?

Павагу калег і яшчэ большае захапленне ў асяроддзі заўзятараў. Аматары біятлону розных краін называюць яе праўдзівай каралевай. Варта адзначыць, што Домрачава прыняла пастанову ў духу fair play (сумленная гульня) імгненна, не пралічваючы, як мы цяпер, што яна страціць або набудзе.

І ўсё ж такі што Дар'я страціла?

Зразумела, срэбраны медаль. І не толькі. Вірэр за срэбра атрымала 10 тысяч еўраў прызавых, а Домрачава за бронзу - 7 тысяч. У агульны залік Кубка свету італьянка атрымала 54 балы, а Домрачава - 48. Розніца ў 6 балаў невялікая і Домрачава ўжо не прэтэндуе на перамогу ў агульным заліку, але ўсё-такі імкнецца падняцца вышэй. Цяпер яна на 8 месцы (376 балаў). Да 7-га, якое займае францужанка Брэза - 22 балы, а францужанку Бяскон, што займае 9-е месца, беларуска апярэджвае на 1 бал.

Што сказала Вірэр?

- Дар'я зачапіла лыжай маю палку. Яна магла б абысці мяне, але, напэўна, не захацела. У біятлоне ўсе паступаюць па-спартоваму, і Домрачава гэта сёння прадэманстравала, - цытуе Вірэр sports.ru са спасылкай на эфір NRK. - Што там адбылося? - запыталіся ў італьянкі на прэс-канферэнцыі. - Нічога асаблівага. Я была перад Дар'яй, і гэта часам здараецца. Мы былі вельмі блізка адна ад аднае. Яна проста наткнулася на мяне, калі я адштурхвалася.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках