26 красавiка 2024, Пятніца, 20:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прафзвяз РЭП звернецца ў ААН праз прымусовую дзіцячую працу ў Беларусі

11
Прафзвяз РЭП звернецца ў ААН праз прымусовую дзіцячую працу ў Беларусі

Незалежны прафзвяз мерыцца дамагчыся забароны дзіцячай працы.

Кіраўнік ААТ "Холхлава" і дырэктар маладзечанскай школы прызналіся, што яны знаходзяцца ў шоку ад прысуду, які абавязаў названыя юрыдычныя асобы выплаціць кампенсацыю за смерць школьніцы на зборы бульбы. Так, Андрэй Стадуб, дырэктар "Холхлава", мяркуе, што суд абышоўся з ягоным прадпрыемствам занадта жорстка, бо яны ўжо перадалі на пахаванне дзяўчынкі 10 мільёнаў рублёў старымі грашыма; дырэктар школы №11 Аляксандр Люльковіч таксама ўважае прысуд за несправядлівы.

Юрыст прафзвязу РЭП Леанід Судаленка пракаментаваў praca-by.info рэакцыю кіраўнікоў, якія паскардзіліся на тое, што ім няма дзе ўзяць грошай для выплаты маральнай кампенсацыі бацькам загінулай Вікі Папчэні.

- Кіраўнік СВК агаломшаны выракам суда ў Маладзечне, школа знаходзіцца ў шоку. Мне, як прававому інспектару прафзвязу, вельмі непрыемныя словы кіраўніка пра 500 даляраў, перададзеных у канверце бацькам на пахаванне дзіцяці. Вам не сорамна? Маўляў, мы ўжо разлічыліся, а цяпер зноў? Скажу нават злей: ваш цынізм не ведае меж! Раю кіраўніку не ўдаваць нявіннае ягнё; як той казаў, назваўся груздом - лезь у кошык. Аўтамабіль, пад коламі якога загінула дзіця, з'яўляецца крыніцай павышанай небяспекі, і паводле закону ўвесь цяжар адказнасці за гэтую крыніцу нясе яго ўласнік. Што, хіба дырэктар СВК гэтага не ведае? Навошта цяпер ківаць у бок рабочых ды іхных сем'яў, маўляў, без хлеба суд іх пакінуў, жорстка з намі абышоўся. Мая парада кіраўніку: бярыце крэдыт і выконвайце прысуд – або сыходзьце з пасады. Скарб, у адрозненне ад школ, за вас адказнасці несці не будзе. І яшчэ: перад тым, як ісці ў касацыю, раю ўважліва вывучыць нормы Цывільнага кодэкса аб адказнасці ўладальніка крыніцы падвышанай небяспекі за шкоду, прычыненую жыццю чалавека. Там усё для вас напісана!

Прававы інспектар таксама пракаментаваў скаргі дырэктара школы на тое, што выплачваць кампенсацыю давядзецца за кошт усіх настаўнікаў навучальнай установы:

- Калі казаць аб прававым баку пытання, то няхай чыноўнік не пульсуе: школу і настаўнікам не давядзецца скідацца. За шкоду, прычыненую службовымі асобамі дзяржаўных органаў, адказнасць нясе дзяржаўны скарб.

Таксама юрыст згадаў бацькоў Вікі Папчэні:

- Ва ўсёй гэтай гісторыі не можа не выклікаць павагі сям'я загінулай школьніцы. Яны мужна перажываюць трагедыю; менавіта яны прынялі пастанову дараваць асуджаным кіроўцу і настаўнікам. Як чалавек, які мае права прадстаўляць інтарэсы сям'і, нагадаю: бацькі хацелі прызнаць факт працоўных дачыненняў загінулай дачкі з сельгаспрадпрыемствам. Але менавіта дзяржава стварыла гэты прэцэдэнт (суд не прызнаў дзяржаву вінаватай - заўвага рэдакцыі), калі за жыццё дзіцяці плаціць, урэшце, будзе не страхавая кампанія, а пэўныя людзі.

Леанід Судаленка паведаміў пра планы прафзвязу РЭП у дачыненні да стратэгічнай цяганіны аб забароне дзіцячай працы:

- Цяпер наш прафзвяз РЭП працуе над папраўкамі ў заканадаўства, якія дырэктыўна выключаюць працу дзяцей побач з крыніцамі падвышанай небяспекі і ўстанаўляюць персанальную адказнасць канкрэтных асоб за выкарыстанне дзіцячай працы. Найбліжэйшым часам мы перадамо на разгляд у Камітэт правоў чалавека ААН індывідуальную скаргу сям'і Папчэняў аб пазбаўленні дзяржавай права на жыццё іхняга дзіцяці праз выкарыстанне ў краіне прымусовай дзіцячай працы. Наш прафзвяз заяўляў раней і паўтарае сёння: гэтая трагедыя павінна стаць астатняй і быць навукай для ўсіх, хто працуе з дзецьмі, пачынаючы ад міністра адукацыі і заканчваючы звычайным настаўнікам!

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках