26 красавiка 2024, Пятніца, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэст пад Берасцем: Усё здолеем, бо ўсе жыхары супраць завода

7
Пратэст пад Берасцем: Усё здолеем, бо ўсе жыхары супраць завода
Фота: tut.by

Бунт берасцейцаў супраць будаўніцтва небяспечнага акумулятарнага завода прадаўжаецца.

Пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем прадаўжаецца. Супраць патэнцыйна небяспечнага аб'екта сабралі больш за 15 тысяч подпісаў, паведамляе «Белсат».

Пазіцыя ж уладаў застаецца нязменнай: завод прайшоў усе неабходныя экспэртызы і будзе цалкам бяспечным.

Падпісацца супраць будаўніцтва акумулятарнага завода 21 студзеня можна было ў дзевяці месцах у Берасці.

«Збіраем подпісы за забарону будаўніцтва акумулятарнага завода», - кажа Ігар Маслоўскі, актывіст БСДП (Грамада).

Ягоны аднапартыец Сяргей Мазан адзначае:

«Таму што такія рэчы, як будаўніцтва акумулятарнага завода, трэба абмяркоўваць з людзьмі, якія жывуць побач з ім. Гэта не было зроблена, а цяпер робіцца няшчыра - проста каб адкараскацца».

Сайт Charter97.org неаднаразова паведамляў пра пратэсты супраць будаўніцтва берасцейскага акумулятарнага завода «iPower» бізнэсоўца Віктара Лемяшэўскага. Жыхары Берасцейшчыны, з якімі правялі абмеркаванне толькі пасля шырокага асвятлення тэмы СМІ, не згаджаюцца з высновамі дзяржаўных эколагаў з нагоды бяспекі свінцовых выкідаў. Яны патрабуюць правесці незалежную экспэртызу або спыніць будаўніцтва завода.

На сходзе ў вёсцы Тэльмы-1 уласнік завода Віктар Лемяшэўскі пераконваў, што ён пакажа ўсе дакументы, якія датычацца экалагічнай бяспекі праекта, а таксама прапаноўваў зазірнуць і на іншыя ягоныя заводы. Праўда, ні ў Белаазёрску, ні ў Пінску блогерам не былі радыя.

Да таго ж, як высветлілася, падманулі неабыякавых берасцейцаў не толькі на словах, але і ў лічбах.

«Нам казалі, што тры кілаграмы выкідаў на год будзе. Але яны няправільна перавялі секунды ў гады і грамы ў тоны! Адпаведна, калі самастойна ўзяць іх пратакол і перавесці гэтыя лічбы, мы бачым, што выходзіць там 12 кілаграмаў [выкідаў]. Гэта значыць, у чатыры разы падманваюць!» - абураецца валанцёр Міхаіл Галуза.

А гэта, вядома, абурае жыхароў Берасця.

«Ёсць жа зоны адчужэння - нашы так званыя эколагі кажуць, што там сеяць можна, саджаць. Ну дык няхай яны там заводы гэтыя паставяць!» - кажа жыхарка горада.

Іншая берасцейка адзначае:

«Вядома, што атрымаецца. Галоўнае - захацець. Бо людзі супраць. Усе!».

Выразнага адказу ўладаў на пытанні берасцейцаў, як можна спыніць праект ці хаця б перанесці патэнцыйна небяспечны завод далей, дагэтуль няма. А значыць, што і подпісаў «супраць», і абураных грамадзян будзе з'яўляцца толькі больш.

«Людзі вельмі актыўна падпісваюцца. Гэта значыць, амаль кожны мінак падыходзіць і ставіць подпіс, ці кажа, што ўжо паставіў і праходзіць далей», - распавядае актывіст Аляксандр Кабанаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках