Акторка: Уявіць сабе не магла, што ў навагоднюю ноч на ялінцы буду збітая АМАПам
97- 31.01.2018, 9:40
- 106,035
ФОТА: МІХАЛ АНЕМПАДЫСТАЎ
Святлана Сакалоўская атрымала дубінкай па галаве і апынулася ў лякарні са страсеннем мозгу.
Новы год Святлана Сакалоўская сустракала ў гасцях у мамы ў Чыжоўцы, піша gazetaby.com (на просьбу суразмоўцы выданне не публікуе яе прозвішча, а называе сцэнічны псеўданім – заўв. аўт.):
– Згодна з традыцыяй а другой гадзіны ночы мы з сяброўкамі пайшлі на ялінку. Нас было пяцёра – я, мой хлопец Саша і тры сяброўкі. Шпацыравалі блізу гадзіны, адная дзяўчына паехала дадому, а мы надумалі падысці да ялінкі. Вакол яе была агароджу, дагэтуль мы танцавалі за агароджай.
Мой хлопец з адной з маіх сябровак пайшлі праз адзін прапускны пункт, мы з сяброўкай – праз іншы. Іх пусцілі, а нас – не. Супрацоўнік АМАПу сказаў, што канцэрт заканчваецца праз пяць хвілін, і нам няма чаго там рабіць.
Са слоў Святланы, сяброўка запярэчыла АМАПаўцу, а ў адказ пачула абразу:
– Яна дастала тэлефон і набрала 102. Пасля гэтага супрацоўнік АМАПу пацягнуў яе ў чырвоны аўтобус.
Сакалоўская пабегла следам за амапаўцам, які цягнуў ейную сяброўку:
– На прыступках аўтобуса гэты супрацоўнік паглядзеў на мяне і рэзка ляпнуў дзвярыма аўтобуса, наўмысна, каб ударыць мяне па руцэ. Ад удару мне вырвала пазногаць і зашчымела руку.
На крыкі Святланы збегліся людзі:
– Мой хлопец падышоў да АМАПаўца, таго, які ўдарыў мяне па руцэ, і спытаў яго прозвішча. У адказ АМАПавец запхнуў яго ў гэты ж аўтобус. Я пабегла да дзвярэй аўтобуса, які ўжо ад’язджаў. І тут адчула моцны ўдар па галаве ззаду. У вачах пацямнела. Хтосьці побач сказаў: «Нах*я ты яе ўдарыў дубінкай?» Памятаю, хтосьці злавіў мяне пад рукі. Некалькі разоў я прыходзіла ў сябе ненадоўга – на пару секунд, і зноў страчвала прытомнасць. Апрытомнела ўжо ў «хуткай дапамозе». У шпіталі мне дыягнаставалі страсенне мозгу і ўдар правай кісці – наклалі шыну.
Пазней ад відавочцаў я даведалася, што АМАПавец ударыў мяне дубінкай некалькі разоў, проста я ўжо была без прытомнасці. Пасля гэтага з аўтобуса выпусцілі майго хлопца, каб ён мог аднесці мяне дадому, але забралі другую дзяўчынку – за тое, што яна стаяла перад аўтобусам, не даючы яму з'ехаць з месца здарэння.
Дзяўчат адвезлі ў Заводскі РУУС і пратрымалі ў камеры да 3 студзеня.
Калі я забірала сябровак, то ўбачыла жудасную карціну – абедзве дзяўчыны былі моцна знясіленыя! Я жахнулася, калі ўбачыла ногі адной з іх пасля затрымання – яны былі ўсе сінія! Сяброўкі не хочуць распавядаць прэсе аб тым, што з імі адбывалася ў аўтобусе, – баяцца.
Раніцай 1 студзеня з лякарні Святлана паехала ў Заводскае РУУС.
– Да мяне падышоў маёр, сказаў, што ў яго шмат спраў, выдаў паперу і сказаў: «Пішыце заяву». 1 студзеня ўвечары мне патэлефанаваў следчы Следчага камітэта Аскераў.
Святлана сустрэлася з ім у той жа вечар, распавяла пра дэталі таго, што адбылося. 2 студзеня Святлана тэлефануе следчаму і дазнаецца, што ейная заява перададзеная следчаму Несцяровічу.
– Мне ніхто больш са Следчага камітэта не тэлефанаваў, і 5 студзеня я паехала ў шпіталь хуткай дапамогі, у якім апынулася ў навагоднюю ноч. Там я даведалася, што для таго, каб зняць пабоі, мне трэба ўзяць пастанову ў Следчым камітэце, якую мне абавязаны быў выдаць следчы. Я паехала ў Следчы камітэт разбірацца ў сітуацыі і даведалася, што следчы Несцяровіч перадаў мае дакументы іншаму следчаму, а той іх згубіў.
Праз 5(!) дзён пасля атрымання траўмаў Святлане выдалі накіраванне на судмедэкспэртызу ў Следчым камітэце.
Вынікаў судмедэкспэртызы Святлане і яе сяброўцы, якая тры дні правяла ў ІЧУ, на рукі не аддалі.
11 студзеня Святлана атрымала ліст са Следчага камітэта за подпісам старэйшага следчага аддзела А.А.Федарэнкі.

– У лісце мой адрас быў паказаны з памылкай – не той нумар дома. Але і гэта яшчэ не ўсё. Следчы камітэт паведаміў, што 10.01.2018 тэрмін правядзення праверкі па маім паведамленні аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў АУС падоўжаны да аднаго месяца, г. зн. да «01.01.2018».
Ці не занадта шмат памылак для аднаго ліста са Следчага камітэта, задаецца пытаннем Святлана:
– Прайшоў месяц з таго страшнага дня – рука ўжо цалкам у парадку, галава яшчэ часам крыху баліць, а званка са Следчага камітэта так і не паступіла. Баюся, як бы зноў не страцілі матэрыялы праверкі.
З траіх пацярпелых ад дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў яна адзіная можа казаць пра тое, што адбылося.
З траіх пацярпелых ад дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў яна адзіная можа казаць пра тое, што адбылося.
– Мая сяброўка прызналася, што калі сустракае на вуліцы міліцыянта, ёй хочацца ўцячы і схавацца, – кажа Святлана.
Дзяўчына працуе актрысай у тэатры:
– У спектаклі, дзе я граю, ёсць такая сцэна. Мая гераіня кажа: «Я зараз пазваню ў міліцыю, і яны ўсё знойдуць». І чатырохгадовыя дзеці крычаць з залы: «Не, яны нічога не знойдуць! Не тэлефануйце!»
Думаю, што чалавек, які адзеў форму праваахоўных органаў, павінен абараняць людзей, у тым ліку і ад гвалту, а не чыніць гвалт, прыкрываючыся формай. Я ўявіць сабе не магла, што ў навагоднюю ноч на ялінцы буду збітая АМАПам...
Хачу, каб АМАПаўцы, якія збіваюць людзей проста так, не працавалі ў сілавых структурах. Тады мы не будзем баяцца міліцыі.