У Берасці чатырох праціўнікаў завода АКБ выклікаюць у міліцыю
12- 13.10.2018, 11:22
- 8,493
Актывістаў выклікалі ў РАУС якраз на той час, калі яны збіраюцца на плошчы Леніна.
Чатырох праціўнікаў будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода выклікалі позвамі ў Ленінскі РАУС. Пра гэта паведаміў «Брэсцкай газеце» праваабаронца Раман Кісляк, якому таксама ўручылі позву. Яго выклікаюць у міліцыю ў якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.
Паводле словаў праваабаронцы, гаворка ідзе пра падзеі 7 кастрычніка. Нагадаем, тады побач з плошчай Леніна адбылася бойка паміж спаборнікамі завода і міліцыяй.
Характэрна што ўсе чатыры актывісты запрошаныя на адзін час – нядзеля 14 кастрычніка, 12-я. Паводле традыцыі, у гэты час праціўнікі завода штонядзелю збіраюцца на плошчы Леніна пакарміць галубоў.
На думку Рамана Кісляка, актывістаў выклікаюць у міліцыю менавіта ў гэты час, каб яны не змаглі ўдзельнічаць у кармленні галубоў.
Нагадаем, у гэтым месяцы пяць праціўнікаў завода былі аштрафаваныя на сумы ад 5 да 45 базавых за знаходжанне на плошчы Леніна 30 верасня ў майках з надпісамі супраць завода або за налепкі на верхняй вопратцы. Міліцыя і суд палічылі гэта пікетаваннем.
З пачатку года ў Берасці разгарнулася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода «АйПаўар». На думку актывістаў, будаўніцтва патэнцыйна небяспечнай для экалогіі і здароўя чалавека вытворчасці вядзецца са шматлікімі парушэннямі. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.
Пачынаючы з 5 сакавіка штонядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. Толькі аднойчы ім дазволілі сабрацца і пратэставаць – мітынг «Берасцейкі супраць свінцу» прайшоў 29 красавіка ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і сабраў блізу 2 000 чалавек. Надалей шматлікія заяўкі на правядзенне мітынгаў і пікетаў супраць завода былі пакінутыя без дазволу.
Запуск акумулятарнага завода поўнага цыклу вытворчасці запланаваны ўжо ў гэтым квартале. Магутнасць прадпрыемства на першым этапе складзе 1 млн акумулятараў за год, а пасля будзе павялічаная ў два разы.