19 лiстапада 2018, панядзелак, 17:42
Падтрымайце сайт «Хартыя-97»
Рубрыкі

Актывіст з Гомля зьвярнуўся ў амбасаду Ўкраіны з-за апаганьваньня магілы Міхася Жызьнеўскага

12
Фота: svaboda.org

Вандалы неаднаразова псавалі помнік героя.

Актывіст АГП Уладзімер Кацора зьвярнуўся ва ўкраінскую амбасаду з нагоды апаганьваньня магілы Героя Ўкраіны Міхася Жызьнеўскага, пахаванага пад Гомлем. Вандалы неаднаразова псавалі помнік героя, паведамляе «Радыё Свабода».

«Хацелася б, каб на гэтую сытуацыю зьвярнуў увагу Пятро Парашэнка падчас візыту ў Гомель. Яшчэ лепш, каб ён пабываў на магіле Героя Ўкраіны», — лічыць актывіст, які перадаў адпаведны зварот праз амбасаду Ўкраіны.

Пятра Парашэнку чакаюць у Гомлі падчас форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны 25-26 кастрычніка.

На магіле Міхася Жызьнеўскага

Гамяльчук Міхась Жызьнеўскі быў адным зь першых забітых на Майдане ўзімку 2014 году. Яго пахавалі ў вёсцы Сьцяг Працы Гомельскага раёну. Дэмакратычная супольнасьць сабрала сродкі на помнік, які стварыў скульптар Алесь Шатэрнік.

Невядомыя псавалі вянкі на магіле, зразалі стужкі з украінскім сьцягам. У 2015 годзе на гранітным манумэнце вострым прадметам было надрапана па-расейску «Предатель». Неаднаразовыя звароты маці Героя Украіны Ніны Жызьнеўскай у міліцыю не далі плёну — зламысьнікаў не знайшлі.

8 кастрычніка 2018 году памёр бацька Героя Міхаіл Жызьнеўскі. Не прайшло і месяца, як пайшла з жыцьця маці Ніна. Засталася іхная адзіная дачка Натальля.

Улетку помнік Героя Украіны зноў быў пашкоджаны. Невядомыя замазалі на манумэнце чырвонай фарбай «Пагоню» і дзяржаўны герб Украіны. Помнік застрахаваны ад вандалізму.

«Але да гэтага часу ён застаецца апаганены. Мы маглі бы самі выправіць сытуацыю, але ня маем права гэта рабіць — помнік застрахаваны. Прыкра тое, што гэта здараецца ня першы раз і ўлады ня могуць ці ня хочуць знайсьці вандалаў», — зазначыў Уладзімір Кацора.

Ён мяркуе, што ўвага з боку Пятра Парашэнкі да сытуацыі з помнікам будзе спрыяць годнаму ўшанаваньню памяці Героя Украіны.