20 лiпеня 2026, панядзелак, 22:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інвестары ўцякаюць з Мексікі за 33 дні да інаўгурацыі прэзідэнта

Інвестары ўцякаюць з Мексікі за 33 дні да інаўгурацыі прэзідэнта

Пэса аслабеў на 3,5 адсотка, прабіўшы адзнаку 20 за даляр.

Мядовы месяц Андрэса Мануэля Лопэса Абрадора з рынкамі раптам закончыўся за 33 дні да яго ўступлення на пасаду прэзідэнта Мексікі, піша finanz.ru.

Пастанова Лопэса Абрадора скасаваць пасля інаўгурацыі ў снежні праект будаўніцтва аэрапорта коштам $13 мільярдаў выклікала перапалох на рынках. Пэса аслабеў на 3,5 адсоткі, прабіўшы адзнаку 20 за даляр, рынкавая капіталізацыя акцый скарацілася больш чым на $17 мільярдаў, а JPMorgan Chase&Co панізіў прагноз эканамічнага росту на 2019 год, сказаўшы, што Цэнтрабанку цяпер, магчыма, давядзецца падвысіць адсоткавыя стаўкі, каб запаволіць адток капіталу.

Рэч не ў тым, што інвестарам вельмі ўжо падабаўся праект аэрапорта. Ён быў далёкі ад дасканаласці. Праблема ў тым, што патрабаванне яго скасавання ўсяго праз дзень пасля таго, як кепска арганізаваны рэферэндум паказаў, што большасць мексіканцаў выступаюць супраць праекту, паслала інвестарам больш шырокі сігнал: існыя кантракты могуць быць адкліканыя практычна без папярэдняга паведамлення. Гэта можа быць будаўніцтва аэрапорта сёння, нафтавыя кантракты заўтра і праекты ў рудніковай галіне на наступны дзень. Для інвестыцыйнай супольнасці, якая заўсёды з недаверам ставілася да Лопэса Абрадора, гэта трывожны індыкатар.

'Парушэнне абавязанняў'

Рэферэндум "пасылае сур'ёзны сігнал нявызначанасці міжнародных рынкаў, інвестарам і ўсім грамадзянам Мексікі", сказаў на прэс-канферэнцыі ў панядзелак кіраўнік нацыянальнай бізнэс-палаты Хуан Пабла Кастаньён. "Гэта парушэнне абавязанняў, узятых на сябе мексіканскай дзяржавай, і парушэнне дзейнай прававой структуры", - адзначыў ён.

У той час як Лопэс Абрадор яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі абяцаў скасаваць праект, мексіканскія актывы выраслі пасля абрання яго прэзідэнтам на фоне сустрэч палітыка з прадпрымальнікамі і абяцанняў упарадкаванай змены ўлады. Спакой быў парушаны ў панядзелак. Валюта, акцыі і аблігацыі краіны перажылі горшы распродаж з часу нечаканай перамогі Дональда Трампа на выбарах 2016 года ў ЗША, якая стварала рызыку таго, што Мексіцы давядзецца плаціць за мур на мяжы, тады як гандлёвая дамова НАФТА будзе скасаваная. Eurasia Group кажа, што падзеі паказваюць, што ўплыў больш прыязных для рынку дарадцаў абранага прэзідэнта, такіх як кіраўнік адміністрацыі Альфонса Рома, які курыраваў перамовы з інвестарамі, будзе абмежаваным.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках