26 красавiка 2024, Пятніца, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі, у двары якіх захраснула «Алеся»: Грымеў увесь раён

27
Менчукі, у двары якіх захраснула «Алеся»: Грымеў увесь раён

Шчыт для пракладкі метро за 11 млн еўраў стаіць ужо некалькі месяцаў пасярод менскага двара.

2 кастрычніка стала вядома, што механізаваны шчыт «Алеся» спыніўся ў прыватным сектары недалёка ад вакзалу. У чым прычына спынення, невядома, бо «Мінскметрабуд» гатовы адказваць толькі на афіцыйныя запыты. Tut.by пагутарыў з гаспадарамі дома, у якіх у двары некалькі месяцаў стаіць машына, якая пракладвае тунэль метро.

10 траўня механізаваны шчыт «Алеся» для капання тунелю пачаў яго пракладку ад будучай станцыі «Вакзальная» да «Кавальскай слабады». Работы пачынаюцца ад вакзала і ідуць пад зямлёй праз прыватны сектар. Непадалёк ад яго - сховішча Нацбанку.

Прыватны дом, які апынуўся на месцы, дзе шчыт спыніўся, размешчаны насупраць выкапанага катлавана ў завулку Студэнцкім, 2.

Гаспадар дома Алег Жановіч распавядае, што шчыт спыніўся тры месяцы таму ў яго пасярод двара.

- Калі «Алеся» пачала ламацца, тут грымеў увесь раён. Людзі ўначы ўскочылі, думалі - вайна. Раніцай жонка перад працай пайшла ў туалет, а там правал метры тры ў глыбіню і тры ў шырыню. І рабочыя ў двары раскопкі вядуць.

Гаспадар распавядае, што спачатку працоўныя абгарадзілі стужкай частку пляцоўкі і сказалі там не хадзіць, бо можа праваліцца зямля. А на наступны дзень зямля асела ўжо крыху далей. Да туалета праклалі дарожку з дошак, каб выпадкова не праваліцца.

«Рабочыя папрасілі не хадзіць на мясцовасці ў куце справа, але «Алеся» спынілася тут», - паказвае на свежую зямлю і горку з пяску Алег Жановіч.

- Яны тут калупаюцца, але ўжо даўно зрабілася вельмі ціха. Куча пяску сышла ў гэтую яму. Яны яе засыпаюць - нібыта нармальна. Але толькі цягнік пройдзе або яны «Алесю» наладзяць на пару хвілін, праз вібрацыю зямля зноў сыходзіць. Сам шчыт знаходзіцца на глыбіні прыкладна 11 метраў.

Пясок прыязджалі засыпаць некалькі разоў, а таксама прыгналі свідравальную машыну, каб даведацца, чаму «Алеся» не працуе. Алег Жановіч распавядае, што адзін раз рабочыя на нешта натрапілі, але нічога ў выніку не высветлілі. Апошнім разам будаўнікі былі на пляцоўцы ў жніўні.

- Гэта ўсё можна даставаць адкрытым метадам (маюцца на ўвазе дэталі «Алесі». - Заўвага.) - усё зносіць і капаць катлаван. Назад яна не ідзе, за ёй ужо бетанаванае скляпенне. А сюды яна не можа ісці, бо ў нешта ўперлася. Рабочыя распавядалі, што шчыт ужо ламаўся: ламаўся бандаж, на які ўсё прымацаванае. Яго зварвалі, мабыць, дрэнна. А цяпер няма сінхроннасці, зламаліся валы, якія прыводзяць шчыт у дзеянне, і пайшлі ўразнос.

Алег і Святлана распавядаюць, што рабочыя ўжо мянялі запчасткі і зноў запускалі шчыт.

- Як запусцілі, зноў гэты дом хадуном пайшоў, шафкі паадкрываліся, паразбівалася слоікі. Суседзі, якія жывуць за сценкай, выбеглі на вуліцу, думалі, што шафы ўжо на іх упадуць.

Ці варта цяпер гаспадарам рабіць рамонт у гэтым доме і пракладаць камунікацыі, яны не ведаюць. Таму што нічога не вядома аб зносе дома.

- Колькі мы не пісалі - ніякай канкрэтыкі не атрымалі. Адпаведна з планам у іх гэтага дома ўжо няма. Нам ніхто ні пра што не паведамляў. Пісалі і ў «Метрабуд», прасілі сказаць, колькі гэты дом прастаіць. Адказваюць толькі, што ўсё ў межах нормы ад будынкаў да ліній метро. Далей будзем звяртацца ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Апошнім часам ніякія работы на гэтым адрэзку не праводзіцца, кажа гаспадар. У катлаване насупраць дома, пад якім спынілася «Алеся», у сераду раніцай цягам гадзіны ніхто з рабочых не з’явіўся.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках