16 чэрвеня 2019, Нядзеля, 0:49
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Іншай працы няма? А запасная рука ў вас ёсць?»

1
ГЕНАДЗЬ ЛІТВІНАЎ (СПРАВА) І ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА

Прафзвяз РЭП абараніў работніка, які пакалечыў руку на лесапільні.

Чалец прафзвязу РЭП Генадзь Літвінаў, ледзь не пакінуты без рукі пасля траўмы, атрымаў кампенсацыю за пяць месяцаў бальнічнага ліста - 1300 рублёў. Прадпрыемства «Паціка Экспарт» не хацела плаціць да апошняга, піша praca-by.info.

Гэта ўжо другі судовы працэс з чальцом прафзвязу РЭП Генадзем Літвінавым. Падчас першага паходу ў суд прафзвяз РЭП дамагаўся ад наймальніка прызнання: Генадзь Літвінаў сапраўды працаваў на лесапільні, а не «прыйшоў з вуліцы і стаў за станок». Першы працэс скончыўся поспехам для работніка: суд абавязаў рэчыцкае СТАА «Паціка Экспарт» аформіць працоўную кніжку і заплаціць работніку за перыяд непрацаздольнасці.

Інтарэсы чальца прафзвязу РЭП Генадзя Літвінава падтрымлівае прававы інспектар празвязу Леанід Судаленка.

Пасля таго, як прафзвяз РЭП у судзе давёў факт працоўных дачыненняў, Леанід Судаленка ад імя работніка падаў другі пазоў: аб кампенсацыі маральнай шкоды. У лістападзе адбылося першае судовае паседжанне:

- У пазове мы заяўлялі не толькі кампенсацыю маральнай шкоды, але і патрабавалі ад наймальніка аплаціць пяць месяцаў бальнічнага. Наймальнік, нягледзячы на тое, што суд устанавіў факт працоўных стасункаў, пайшоў у касацыю. Суд другой інстанцыі таксама пацвердзіў, што Генадзь Літвінаў сапраўды знаходзіўся з наймальнікам у працоўных дачыненнях, а не «проста прыйшоў з вуліцы і стаў за станок». Наймальнік усё адно адмаўляўся аплачваць яму бальнічны ліст. І толькі пасля таго, як мы падалі ў суд на кампенсацыю маральнай шкоды, а заадно і бальнічнага, наймальнік выплаціў грошы за бальнічны ліст: крыху больш за 1300 рублёў. Пра гэта заявіла адвакат адказчыка ў пачатку судовага паседжання. Гэта значыць, частка пазоўных патрабаванняў была выкананая ў пазасудовым парадку. Працэс яшчэ не пачаўся, а 1300 рублёў чальцу прафзвязу РЭП ужо вярнулі.

Леанід Судаленка падкрэслівае, што з наймальнікам Генадзя Літвінава даводзіцца ўсё развязваць праз суд:

- Калі б не пайшлі ў суд - не было б ні прызнання працоўных стасункаў, ні прызнання траўмы вытворчай, ні аплаты бальнічнага, ні страхавых выплат па інваліднасці, ні - тым больш! - кампенсацыі маральнай шкоды. Толькі рука засталася б скалечанай. Без суда Генадзь Літвінаў нічога не атрымаў бы ад «Паціка Экспарт», на жаль.

Андрэй Стрыжак, намеснік старшыні прафкама Гомеля, асобна адзначае дэструктыўную пазіцыю наймальніка цягам усяго працэсу:

- Усе пытанні, якія можна было б развязаць у дасудовым парадку, даводзіцца разглядаць у судзе. «Паціка Экспарт» выплачвае запазычанасці, афармляе працоўную кніжку, прызнае працоўныя стасункі толькі пасля суда! Нішто не перашкаджала наймальніку аплаціць бальнічны ліст, і тое, што давялося патрабаваць законных грошай праз суд, вельмі добра іх характарызуе. Калі сам Генадзь Літвінаў абгрунтоўваў маральную шкоду, ён распавёў, як у яго цяпер складаюцца стасункі з наймальнікам. Распавёў, што звяртаўся да свайго былога працадаўцы з просьбай дапамагчы яму: прасіў аддаць яму абрэзкі піламатэрыялаў, каб паліць у печы, бо адной рукой ён не можа насекчы сабе дровы. Фактычна, прасіў аддаць смецце, якое пільня ўсё адно выкідвае. Яму адмовілі! Настолькі жорсткую пазіцыю займае наймальнік. Гэта проста не па-чалавечы!

Людзям, якія ідуць працаваць без афармлення працоўных стасункаў, нягледзячы на ўсе рызыкі, Андрэй Стрыжак прыводзіць справу Літвінава ў прыклад:

- Улічвайце, што вы можаце быць на ягоным месцы. Гэта добра, што Літвінаў знайшоў прафзвяз РЭП. А калі не - што б з ім было? Кажаце, іншай працы няма? А запасная рука ў вас ёсць? Ці яшчэ адно здароўе? Усё адно, што ехаць без страхоўкі ў калгас збіраць моркву ці бульбу: не дай бог, з вамі нешта здарыцца - і ніхто вам нічога не павінен.