Ігар Кізім: Я адправіў ноту ў МЗС Беларусі
5- 27.11.2018, 21:55
- 17,132
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ/TUT.BY
Амбасадар Украіны ў Беларусі пракаментаваў маўчанне беларускіх уладаў адносна падзей у Керчанскім праліве.
У аўторак амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім правёў у Менску нефармальную сустрэчу з журналістамі некалькіх СМІ. Безумоўна, у цэнтры ўвагі быў інцыдэнт у Керчанскім праліве, дзе расейскія вайскоўцы захапілі тры ўкраінскія караблі, некалькі маракоў былі параненыя. Украіна прыняла пастанову аб увядзенні ў 10 памежных з Расеяй і Прыднястроўем абласцях ваеннага становішча на 30 дзён, паведамляе euroradio.fm.
Украінскі амбасадар называе інцыдэнт у Керчанскім праліве «паказальнай дэманстрацыяй сілы», «прамой, адкрытай агрэсіяй, не прыкрытай ні зялёнымі чалавечкамі, ні іншымі сцягамі». На пытанне пра тое, чаму ўкраінскія матросы не адкрылі агонь у адказ, Ігар Кізім выказаў здагадку, што Расея магла чакаць менавіта гэтага: «Там бы зляцелася ўся авіяцыя Краснадарскага краю, затапілі б проста гэтыя караблі».
Што да ваеннага становішча, то, са слоў украінскага амбасадара, на беларусах гэта ніяк не адаб'ецца, і яны змогуць бесперашкодна ўязджаць на тэрыторыю Украіны. «Я не бачу ніякіх праблем для беларусаў пры ўездзе ва Украіну, нягледзячы нават на тое, што ў вас з Расеяй саюзная дзяржава. Беларусы, якія запланавалі ехаць ва Украіну, могуць не хвалявацца», - сказаў Ігар Кізіма.
Журналісты пацікавіліся ў амбасадара, як ён ставіцца да маўчання беларускага боку з нагоды інцыдэнту ў Керчанскім праліве. «Я не магу гэта каментаваць, - кажа Кізім. - Адразу ж пасля таго, што адбылося, я адправіў ноту ў беларускі МЗС, паінфармаваў яго аб нашай пазіцыі. Думаю, беларуская «памяркоўнасць» дапаможа выпрацаваць пазіцыю ў гэтым пытанні. А наогул у дыпламатыі маўчанне - гэта таксама адказ».