Сяргей Гурэнка пакідае менскае «Дынама»?
1- 2.12.2018, 20:40
- 12,338
Галоўны трэнер сталічнага клуба кіўнуў на свой сыход.
Галоўны трэнер менскага «Дынама» Сяргей Гурэнка на прэс-канферэнцыі пасля заваёвы бронзы кіўнуў на свой сыход з каманды, распавёў пра чуткі вакол клуба і назваў колькасць гульцоў, з якімі ёсць кантракт на наступны год. Яго словы падае карэспандэнт «Прессбола».
- Можа, ведаеце нешта пра будучыню каманды?
- «Прессбол» больш за ўсіх ведае. Вось да іх і звярніцеся - яны вам усё раскажуць. З праверанай інфармацыі, аднаго звальняюць, іншы прыходзіць... А я наогул нічога не ведаю. Ведаю адно: «Дынама» ў наступным годзе будзе гуляць у еўракубках. У нас ёсць падпісаных чалавек дзесяць-адзінаццаць. Вось гэта я ведаю. А больш нічога не ведаю.
- А як гульцы адчуваюць сябе ў гэтай нявызначанасці?
- Ды нармальна. Трэба ехаць адпачываць, набірацца сіл. Без клубаў яны не застануцца - я кажу пра беларусаў.
- У Нікаліча скончыўся кантракт. А была магчымасць яго падоўжыць на некалькі дзён, як бывала ў нашым футболе раней, каб згуляць супраць «Тарпеда»?
- Ёсць закон, што папярэдні кантракт ты можаш падпісаць за паўгода да заканчэння кантракту, які дзейнічае. Нікаліч падпісаў яго з «Макабі» ў ліпені-жніўні, і з 1 студзеня ён увайшоў у дзеянне. Як ён мог сёння згуляць? Усё, больш няма пытанняў? Эх, сумна вам будзе без мяне.
Нагадаем, што ў мінулым сезоне каманда да апошняга тура змагалася за залатыя ўзнагароды. У гэтым годзе калектыў пад кіраўніцтва Гурэнкі мог і зусім застацца без медалёў.
З сярэдзіны 2018 года вакол «Дынама» пайшлі чуткі аб магчымай змене ўладальніка. У СМІ пісалі, што ў Юрыя Чыжа каманду могуць прыняць невядомыя праграмісты ці Уладзімір Япрынцаў. У клубе чуткі не каментуюць.