СБУ апублікавала дакументы аб ПВК Вагнера
- 21.12.2018, 12:48
- 9,726
Інфармацыя тычыцца дзейнасці расейскіх наймітаў у ЦАР.
Служба бяспекі Украіны апублікавала шэраг матэрыялаў пра дзейнасць расейскай так званай "прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера" у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР). Як сцвярджае СБУ, каардынатар "ПВК Вагнера" у ЦАР атрымаў загад не дапусціць выцеку інфармацыі аб дзейнасці ПВК пасля прыбыцця ў краіну групы расейскіх журналістаў летам гэтага года. Журналісты былі забітыя ў ЦАР, паведамляе Радыё Свабода.
Як гаворыцца ў паведамленні на сайце СБУ, байцы "ПВК Вагнера" працуюць у ЦАР з пачатку 2018 гады пад прыкрыццём пецярбуржскай кампаніі "М-Фінанс". Спецслужбы Украіны звязваюць яе з бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным. СМІ называюць яго чалавекам з блізкага атачэння расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. У СБУ кажуць, што "М-Фінанс" займаецца падрыхтоўкай байцоў мясцовых узброеных фармаванняў і забяспечвае таемны вываз алмазаў з ЦАР у Расею.
Расейскія журналісты Архан Джэмаль, Аляксандр Растаргуеў і Кірыл Радчанка былі забітыя ў ЦАР у канцы ліпеня. Яны здымалі дакументальны фільм пра расейскіх наёмнікаў з "прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера", якую таксама звязваюць з Прыгожыным.
Са звестак СБУ, у дзень забойства журналістаў у ЦАР знаходзіліся не менш за 10 расейскіх наймітаў. Іх спіс апублікаваны на сайце ўстановы. Са звестак спецслужбы, усе яны бралі ўдзел у баявых дзеяннях на Украіне і ў Сірыі, за што нібыта маюць дзяржаўныя ўзнагароды.
У СБУ сцвярджаюць, што іх матэрыялы могуць стаць "ключом для ўстанаўлення і затрымання" канкрэтных выканаўцаў забойства расейскіх журналістаў.
Кіраўнік СБУ Васіль Грыцак дадаў, што дзейнасць наймітаў "ПВК Вагнера" павінна стаць аб'ектам міжнароднага расследавання.
Расейская старана заяву СБУ пакуль не пракаментавала.
20 снежня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, выступаючы на прэс-канферэнцыі, заявіў, што, як ён выказаўся, ахоўныя кампаніі могуць працаваць у кожнай краіне, калі іх супрацоўнікі не парушаюць расейскія законы. Са слоў правадыра, ацаніць магчымыя парушэнні "ПВК Вагнера" павінна Генеральная пракуратура. У Генпракуратуры заявілі, што не маюць звестак пра супрацьпраўныя дзеянні ПВК. Пры гэтым расейскае заканадаўства наогул не прадугледжвае паняцця "прыватная вайсковая кампанія".