6 траўня 2024, панядзелак, 21:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бацькі абураныя незразумелымі паборамі ў маладзечанскай школе

15
Бацькі абураныя незразумелымі паборамі ў маладзечанскай школе
МАЛАДЗЕЧАНСКАГА СЯРЭДНЯЯ ШКОЛА №14
ФОТА З САЙТА НАВУЧАЛЬНАЙ УСТАНОВЫ

Чарговы выпадак пабораў з боку адміністрацыі школы.

У Рэдакцыю nina.nn.by звярнулася маці аднаго з вучняў маладзечанскай сярэдняй школы №14. Кіруе ёй Каліна Капуцкага, цяпер яна балатуецца ў мясцовыя «дэпутаты». Гэта тая самая школа, якая ў снежні праславілася на ўсю краіну, зрабіўшы платны ўваход для бацькоў на пераднавагодні дзіцячы ранішнік. Пасля таго, як сітуацыя шырока абмяркоўвалася ў прэсе, гэта новаўвядзенне скасавалі. Але бацькі скардзяцца, што паборы як былі, так і застаюцца.

Маці, якая гутарыла з журналістамі, папрасіла не называць ні яе імя, ні клас, у якім вучыцца дзіця, бо не жадае, каб пасля хтосьці на ім «зрываўся». Жанчына кажа, што звяртаецца не толькі ад сябе, а ад грамады бацькоў школы, якія хочуць спыніць бесперапынныя грашовыя зборы.

КАЛІНА КАПУЦКАЯ, ДЫРЭКТАРКА
ФОТА З САЙТА ШКОЛЫ

«Бацькам тэлефанавалі на мабільныя тэлефоны і гаварылі: «Вашае дзіця будзе ўдзельнічаць у школьным ранішніку, там будзе танец, таму з вас 15 рублёў». Нам тлумачылі, што школа нібыта будзе шыць строі для гэтага танца. Калі ж мы пыталіся, ці аддадуць нам потым гэтыя строі назад, бо мы плацім за іх грошы, нам адмаўлялі: «Мы не можам. Уявіце, калі б мы ўсім раздавалі строі, што б тады атрымалася?» - распавядае аб сітуацыі маці школьніка.

З ейных слоў, бацькам, якія казалі, што не змогуць прынесці гэтыя грошы, настаўніца танцаў адказвала так: «Тады вашае дзіця не будзе танчыць».

«Гэта, вядома, моцна закранула многіх бацькоў. Мы ўважаем за несправядлівае, што хто-небудзь з дзяцей не будзе дапушчаны да ранішнікаў, бо бацькі не змаглі прынесці 15 рублёў. Прычым незразумела каму і на што. Мы ж нават не ведаем, ці сапраўды будуць шыць строі, нам ніхто ніколі не паведамляе, куды пайшлі грошы! Гэта не першы раз, яны так дзейнічаюць цягам гадоў пяці. Бацькі моўчкі нясуць грошы, а рэчы, нібыта купленыя за іх, потым ніхто не вяртае», - працягвае суразмоўца.

Паводле ейных слоў, настаўніца танцаў таксама прапаноўвала некаторым бацькам, якія хочуць забраць строі, даплаціць.

Бацькі ўжо паскардзіліся на гэтую сітуацыю ва Управу адукацыі Менаблвыканкама. Тым, хто ўжо паспеў здаць грошы, іх вярнулі і выбачыліся.

Журналісты звярнуліся да дырэктаркі школы Каліны Капуцкай з просьбай растлумачыць сітуацыю, але яна сцвярджае, што чуе пра яе ўпершыню:

«Ніхто нічога не збірае. Я не ведаю, пра што ідзе гаворка. Якія ранішнікі? Такога няма. Вас дэзінфармавалі. Хай да мяне прыходзяць і развязваюць пытанне. Да мяне ніхто не звяртаўся», - пракаментавала яна.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках