26 красавiка 2024, Пятніца, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Пастухоў: Заявы Лукашэнкі пра «міратворцаў» супярэчаць Канстытуцыі

23
Міхаіл Пастухоў: Заявы Лукашэнкі пра «міратворцаў» супярэчаць Канстытуцыі
МІХАІЛ ПАСТУХОЎ

Казаць пра беларускіх вайскоўцаў на Данбасе - як мінімум безадказна.

Беларускія «міратворцы» гатовыя стаць паміж канфліктнымі бакамі ва Украіне пры дамоўленасці паміж Парашэнкам і Пуціным, заявіў Лукашэнка журналістам. Да чаго можа прывесці гэты крок, калі ён будзе зроблены? Экспэрты адказваюць на пытанне «Заўтра тваёй краіны».

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, накіраванне міратворцаў на Данбас можа быць працягам рэалізацыі таго канцэпту замежнай палітыкі, які з'явіўся і быў сфармаваны пасля Крыма. Сутнасць гэтага канцэпту: Беларусь - донар бяспекі, міратворац, цэнтр урэгулявання ўсіх сусветных канфліктаў, найперш, украінскага, «Жэнева-2», «Хельсінкі-2» ды іншае.

- Гэты канцэпт прынёс Беларусі пэўныя палітычныя дывідэнды. Дзякуючы яму пачалося размарожванне стасункаў з Захадам, гэта павялічыла рэгіянальную пазіцыю Беларусі, тут сталі праходзіць міжнародныя форумы тыпу Парламенцкай асамблеі АБСЕ. З'явіліся і міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія даюць грошы, хай і зусім малыя. Вось і ідэя міратворчасці на Данбасе з'яўляецца прадаўжэннем гэтай лініі, што Беларусь усіх мірыць, - адзначае аналітык.

Іншая справа, дадае экспэрт, што ад ідэі да яе рэалізацыі вялікая дыстанцыя.

- Тым больш што апошнім часам з'явілася пагроза, што гэтую функцыю ў Беларусі могуць нават забраць. Я маю на ўвазе заяву прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, што ён ледзь не дамовіўся з прэзідэнтам ЗША Трампам пра тое, што перамовы перанясуць у Астану, - звяртае ўвагу суразмоўца.

Паводле ягоных слоў, ёсць сур'ёзныя сумневы, што Украіна пагодзіцца на прысутнасць беларускіх войскаў. Беларусь уважаюць за найбліжэйшага хаўрусніка Расеі, якая з'яўляецца галоўным удзельнікам гэтага канфлікту. Акрамя таго, у памяці яшчэ свежыя і вераснёўскія вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі, якія выклікалі вельмі негатыўную рэакцыю ва Украіне.

- Негатыўную рэакцыю выклікае і галасаванне Беларусі ў міжнародных арганізацыях, як правіла, на карысць Расеі. Самая логіка міратворчых сіл мае на мэце, што там павінны прысутнічаць цалкам нейтральныя дзяржавы, а Беларусь такой не з'яўляецца. Але нават да мандату гэтых сіл яшчэ вельмі далёка, напрыклад, дзе яны павінны размяшчацца, так што гэта яшчэ вельмі доўгі працэс, - упэўнены аналітык.

Складваецца ўражанне, што Лукашэнка робіць такія заявы з разлікам, што яны ніколі не будуць рэалізаваныя. Навошта? Валерый Карбалевіч зазначае, што блеф таксама з'яўляецца часткай дыпламатыі.

- Так паступаюць і іншыя краіны, якія робяць заявы не заўсёды ў разліку на рэалізацыю, а часта ў разліку на пазітыўную рэакцыю, на піяр. Так што тут няма нічога дзіўнага, так працуе дыпламатыя ў свеце, - падкрэслівае экспэрт.

Юрыст: Расея, можа, і скажа дзякуй

Суддзя першага складу Канстытуцыйнага суда Беларусі прафесар Міхаіл Пастухоў канстатуе, што згодна з артыкулам 21 Канстытуцыі Беларусь прытрымліваецца нейтральнай палітыкі і не ўдзельнічае ні ў якіх узброеных канфліктах.

- Нейтральны статус азначае неўмяшанне ні ў якія ўзброеныя канфлікты, а кірунак міратворцаў - гэта форма такога ўдзелу, якая пацягне за сабой пэўныя наступствы. Расея, можа быць, і скажа дзякуй, але іншыя краіны, тая ж Украіна, еўрапейскія краіны і краіны NАТО могуць выступіць з асуджэннем такой ініцыятывы Беларусі. Не варта браць удзел ні ў якіх міратворчых місіях у зонах вайсковых дзеянняў, - мяркуе доктар юрыдычных навук.

Такі ўдзел, паводле ягоных слоў, будзе мець фізічныя страты беларускіх жаўнераў пры выкананні імі, як раней казалі, «інтэрнацыянальнага абавязку», узнікненнем палітычных і іншых наступстваў. Акрамя таго, у беларускім заканадаўстве нідзе не прапісана паняцце «міратворац».

- Гэта стандарты АБСЕ і ААН, дзе ёсць паняцце «міратворчыя сілы». Тая ж АБСЕ прымае меры для ўрэгулявання такіх канфліктаў, для чаго ў яе ёсць пэўны вайсковы кантынгент, у тым ліку і вайсковыя місіі. Не трэба падмяняць сабой гэтыя міжнародныя арганізацыі. Досыць выконваць свае абавязанні ў рамках гэтых арганізацый. А яны ўскладаюць на нашую дзяржаву шэраг сур'ёзных функцый, у тым ліку звязаных з абаронай правоў чалавека, - рэзюмуе Міхаіл Пастухоў.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках