19 красавiка 2024, Пятніца, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутаты Бундэстагу задалі ўраду Нямеччыны 29 пытанняў пра Беларусь

1
Дэпутаты Бундэстагу задалі ўраду Нямеччыны 29 пытанняў пра Беларусь
ЗІГМАР ГАБРЫЭЛЬ

Зігмару Габрыэлю давядзецца даць справаздачу за сустрэчу з Лукашэнкам і Макеем.

Фракцыя левых у нямецкім Бундэстагу звярнулася да нямецкага кіраўніцтва - канцлеркі Ангелы Мэркель і кіраўніка МЗС Зігмара Габрыэля - з запытам пра беларуска-нямецкія дачыненні. Падчас, калі ў краіне вядуцца перамовы аб стварэнні вялікай кааліцыі паміж ХДУ і сацыял-дэмакратамі, еўрадэпутаты хочуць атрымаць ад высокіх асоб краіны і ўраду, які пакуль складаецца з палітыкаў гэтых двух партый, адказы на ўсе 29 пытанняў іх «маленькага», як яны яго назвалі, запыту.

Нямецкія левыя, якія пазіцыянуюць сябе як паслядоўныя прыхільнікі працэсу еўрапейскай інтэграцыі і апаненты ўсіх формаў мілітарызму ў свеце, хочуць ведаць, у якой ступені федэральны ўрад падтрымлівае ідэю рамачнага пагаднення паміж ЕЗ і Беларуссю. Пакуль стасункі паміж Менскам і Брусэлем рэгулююцца дамовай 1989 года паміж СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю, і Беларусь застаецца адзінай сярод шасці краін-удзельніц праграмы «Усходняга партнёрства» (УП), якая не мае двухбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве, хоць пры гэтым Брусэль і фінансуе некаторыя супольныя праекты ў рамках УП.

У сваім звароце левыя цытуюць словы з менскай прамовы Зігмара Габрыэля, які мінулай восенню наведаў беларускую сталіцу і сустрэўся з Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем, аб гістарычнай адказнасці немцаў за разбурэнне краіны і страты падчас Другой сусветнай вайны, а таксама з нагоды ўсякага спрыяння ўсебаковаму збліжэнню паміж беларусамі і немцамі, паміж Беларуссю і ЕЗ.

Сярод пытанняў, якія ўвайшлі ў «маленькі запыт»:

Колькі было сустрэч паміж Ангелай Мэркель і Аляксандрам Лукашэнкам, пачынаючы з 2005 года (з указаннем іх часу і месца)?

У чым канкрэтныя вынікі менскай сустрэчы ў лістападзе 2017 года паміж Зігмарам Габрыэлем, Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем?

Якія намаганні зрабіў нямецкі ўрад у сувязі са скасаваннем або мараторыем на смяротнае пакаранне ў Беларусі?

Як ацэньвае нямецкае кіраўніцтва ролю Менска ў перамовах аб Данбасе?

У якой ступені пацвердзіліся асцярогі федэральнага міністра абароны, звязаныя з вайсковымі вучэннямі «Захад-2017», дзе, паводле ацэнак, маглі ўзяць удзел блізу 100 000 чалавек?

Якія мемарыяльныя праекты, прысвечаныя ахвярам нямецкай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны, падтрымала нямецкае кіраўніцтва з 2005 года (з указаннем часу, месца, назваў і фінансавай падтрымкі)? У якіх з гэтых мерапрыемстваў узялі ўдзел прадстаўнікі нямецкага ўрада?

Якія выплаты зрабіла ФРГ Беларусі і яе пацярпелым падчас Другой сусветнай вайны грамадзянам (з указаннем канкрэтнага часу і сумы выплат)?

Што вядома федэральнаму ўраду аб двухбаковай праграме супрацоўніцтва ў розных галінах і праектах з удзелам грамадзянскай супольнасці?

Які бюджэт федэральнага ўрада для фінансавання праграм падтрымкі Беларусі?

Што вядома федэральнаму ўраду пра цяперашні стан перамоў паміж Беларуссю і ЕЗ з нагоды палягчэння візавага рэжыму?

Як федэральны ўрад збіраецца адказаць на ўведзены Беларуссю ў лютым 2017-га кароткачасовы бязвізавы рэжыму для турыстаў з 80 краін свету, у тым ліку з усіх дзяржаў ЕЗ?

Што тычыцца тэмы нямецка-беларускіх стасункаў, то нямецкія левыя і раней задавалі федэральнаму ўраду нямала нязручных пытанняў.

Так, у 2012 годзе тэмай іх парламенцкага запыту стала супрацоўніцтва нямецкіх і беларускіх сілавікоў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года ў Беларусі. Як паказалі вынікі расследаванняў апазіцыйных палітыкаў, беларускія сілавікі спецыяльна наведалі Нямеччыну, каб паназіраць за дзеяннямі сваіх калег падчас здушэння дэманстрацый у Дрэздэне, таксама беларускія міліцыянты забяспечваліся з Нямеччыны рознымі, неабходнымі ў такіх мэтах, сродкамі. Далейшая публікацыя матэрыялаў расследавання ў многіх нямецкіх і замежных СМІ выклікала ў грамадстве вялікі скандал.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках