18 траўня 2026, панядзелак, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памёр актор Алег Табакоў

Памёр актор Алег Табакоў
Алег Табакоў

Савецкі і расейскі актор, народны артыст СССР Алег Табакоў памёр ва ўзросце 82 гадоў.

Стан 82-гадовага Табакова пагоршыўся ў канцы ў канцы лістапада 2017 года, калі яго шпіталізавалі ў аддзяленне рэанімацыі Гарадской клінічнай лякарні імя Пірагова (Масква). Дакладны дыягназ актора пры гэтым застаўся нявысветленым. Паводле непацверджанай інфармацыі канала РЭН ТВ, у Табакова дыягнаставалі сэпсіс - заражэнне крыві ўзбуджальнікамі інфекцыі, паведамляе Tut.by.

Алег Табакоў нарадзіўся 17 жніўня 1935 года ў Саратаве ў сям'і лекараў. У ягонай радаслоўнай намяшаная кроў чатырох нацыянальнасцяў: расейскай, мардоўскай, украінскай і польскай.

Тэатр увайшоў у жыццё Табакова шмат у чым выпадкова. Калі яму было 13 гадоў, бацька сышоў з іх сям’і. Алег застаўся без нагляду і стаў праводзіць час сярод мясцовай шпаны. Тады маці адвяла яго за руку ў драматычную студыю пры гарадскім палацы піянераў. Зрэшты, хлопчык і раней любіў тэатральныя пастаноўкі, таму не стаў супраціўляцца.

Як прызнаваўся адвакат Генры Рэзнік, які займаўся ў студыі разам з Табаковым, той ужо тады ўважаўся за мясцовую знакамітасць. Пасля заканчэння 10 класа будучы актор з'ехаў у Маскву і трымаў іспыты адразу ў дзве творчыя ВНУ: ГІТІС і Школу-студыю МХАТ. Ён паступіў у абедзве ўстановы, але абраў школу-студыю, якую скончыў у 1957 годзе.

Першапачаткова яго размеркавалі ў драматычны тэатр Станіслаўскага. Але неўзабаве Табакоў разам з Алегам Яфрэмавым, Ігарам Квашой, Галінай Воўчак і іншымі маладымі акторамі арганізаваў студыю маладых актораў пры МХАТ. Пасля трэцяй прэм'еры акторы-«старыкі» абвінавацілі моладзь у зневажанні традыцый і адправілі малады калектыў у свабоднае плаванне. Неўзабаве былая студыя стала тэатрам «Сучаснік» - адным з самых папулярных у Маскве.

У 1960-я гады Табакоў працаваў даслоўна на грані магчымасцяў: шмат граў як у «Сучасніку», так і ў кіно. У выніку ў 1965 годзе (у 30 гадоў!) у яго здарыўся інфаркт. Лекары падумвалі і зусім забараніць яму выходзіць на сцэну. Але ўжо праз два месяцы Табакоў сыграў Адуева-малодшага ў «Звычайнай гісторыі» Ганчарова, губляючы кожны вечар па паўтара кілаграма вагі.

У 1970 годзе кіраўнік «Сучасніка» Алег Яфрэмаў перайшоў у МХАТ. Таму Табакоў без вырачэння кіна- і тэатральнай кар'еры стаў дырэктарам тэатра. У гэты ж час ён замацаваў свой статус усесаюзнай зоркі, зняўшыся ў фільмах «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973, роля начальніка выведкі генерала Шеленберга), «Няскончаная п'еса для механічнага піяніна» (1977, роля Паўла Пятровіча Шчэрбука), «Некалькі дзён з жыцця І .І. Абломава» (1979, роля Іллі Ілліча Абломава).

У сярэдзіне 1970-х гадоў Табакоў заняўся педагогікай. Ён набраў у ГІТІСе свой курс, на базе якога зімой 1979 года з'явілася студыя Алега Табакова - будучы тэатр «Табакерка», які Алег Паўлавіч узначальваў дагэтуль.

У тыя гады Табакоў мала здымаўся ў кіно (часцей - у эпізодах), затое памяняў сваё акторскае амплуа: у 1983-м ён перайшоў у МХАТ, дзе адразу стаў выконваць класічныя ролі: Сальеры («Амадэй», Сорын («Чайка»), Фамусаў («Гора ад розуму»). Адначасова Табакоў агучыў ролю ката Матроскіна ў мультфільме пра вёску Прастаквашына. Абаяльны кот зрабіў актора ўлюбёнцам усіх савецкіх дзяцей.

У той час змяніўся сямейны статус актора. Яшчэ ў 1960-м Табакоў пабраўся са студэнткай Шчэпкінскага вучылішча Людмілай Крыловай. У іх шлюбе нарадзіліся сын Антон і дачка Аляксандра. Але на пачатку 1980-х пачаўся раман Алега Паўлавіча з ягонай студэнткай Марынай Зудзінай. Іх раман доўжыўся больш за дзесяць гадоў, пакуль Табакоў не сышоў з сям'і і ў 1994 годзе не ажаніўся на Зудзінай. У шлюбе ў іх нарадзіліся сын Павел і дачка Марыя.

Што тычыцца акторскай кар'еры Табакова, то ў 1987 годзе МХАТ раскалоўся на два калектывы: МХАТ імя Чэхава, які ўзначаліў Яфрэмаў, і МХАТ імя Горкага на чале з Таццянай Даронінай. Табакоў застаўся разам з Яфрэмавым. У 2000 годзе ягоны сябар і старэйшы таварыш памёр, пасля чаго Алег Паўлавіч узначаліў калектыў і праявіў сябе як адзін з найлепшых расейскіх тэатральных мэнэджараў. Пад ягоным кіраўніцтвам МХТ імя Чэхава (у назве знікла згадка аб акадэмічным статусе) зрабіўся адной з вядучых тэатральных пляцовак Масквы, адкрытай для рэжысёраў-наватараў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках