25 красавiка 2024, Чацвер, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рост кошту цягнікоў ударыць па рэгіёнах

7
Рост кошту цягнікоў ударыць па рэгіёнах

Навошта падымаць кошты квіткоў так значна?

Чарговае падвышэнне коштаў за карыстанне транспартам. Гэтым разам - чыгуначнага. З сённяшняга дня на 6% даражэюць квіткі на цягнікі гарадскіх ліній. А ўжо з 1 красавіка кошт праезду рэгіянальнымі і міжрэгіянальнымі цягнікамі падскочыць практычна на траціну!

Само падаражанне праезду цягніком нікога ўжо не здзіўляе. Але навошта падымаць кошты квіткоў так рэзка? «Белсат» задаў гэтае пытанне спецыялістам.

Паводле пастановы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, квіткі на праезд цягнікамі рэгіянальных лініяй, ліній бізнэс-класу і міжрэгіянальных з 1-га красавіка падаражэюць на 24 і 32 адсоткі, адпаведна. На гэтым фоне шасціадсоткавае падаражэнне квіткоў на цягнікі гарадскіх лініяў выглядае проста мізэрным.

«У прынцыпе, зараз чыгуначны транспарт вельмі даступны. З’ездзіць з Менску ў Гомель на швейцарскім цягніку будзе каштаваць столькі ж, колькі праехацца на Уберы па тым жа Менску. У пасажырскіх чыгуначных перавозак вельмі нізкая рэнтабельнасць – каля 20%. У той час як у грамадскага транспарту – 50, 60, 70% у залежнасці ад віду транспарту. З іншага боку трэба разумець, што амаль ва ўсіх краінах свету грамадскі транспарт з’яўляецца датацыйным», – кажа аналітык Антон Раднянкоў.

Цікава, што апошні раз кошт на квіткі ў чыгуначным транспарце павышалі яшчэ ў 2015-ым годзе. Гэтым і можа быць абгрунтаванае цяперашняе рэзкае падаражэнне праезду ў цягніках.

У пачатку сакавіка кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ўраду на пытанне коштаў. А яшчэ раней нават патрабаваў, цытата, «здымаць галаву вінаватым у іх павышэнні».

Непрыемная неспадзяванка

Варта адзначыць, што раней розгалас набыла яшчэ адная транспартная справа – цяжкасці ў працы міжгародніх маршрутак. Дасюль некаторыя маршруты працуюць з цяжкасцямі або спынілі працу ўвогуле. Адпаведна, узрос попыт на паслугі чыгункі. І тут пасажыраў напаткала яшчэ адная непрыемная неспадзяванка.

«Канешне ж, гэта будзе балюча. Калі б у Беларусі расла эканоміка, раслі б заробкі, то такое павышэнне коштаў было б не так заўважнае для кожнага беларуса. Калі ж мы бяднеем, заробкі змяншаюцца, працу знайсці цяжка, шмат хто ездзіць з аднаго маленькага гораду ў другі маленькі горад проста каб там працаваць хоць за нейкія грошы – працаваць за ежу, што называецца. І гэта асабліва важна для рэгіёнаў. То такія змены могуць быць заўважнымі», – мяркуе Антон Раднянкоў.

Чыгунка ў Беларусі – даволі якасны, хоць і сацыяльны від транспарту, у той час як у Заходняй Еўропе яна носіць характар камунікацыі прэміум-класу. Аднак Беларускай чыгунцы варта працаваць над аптымізацыяй сваіх маршрутаў ды новымі падыходамі ў арганізацыі руху цягнікоў, каб павысіць прывабнасць чыгуначнага транспарту і, адпаведна, яго рэнтабельнасць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках