Актывіст РЭП бароніць сваё права на справядлівы судовы разгляд
- 9,864
Хто вінаваты ў падзенні людзей пад цягнік на вакзале Берасця?
Кіраўнік прафгрупы РЭП у Пінску Раман Бурэнка з лета 2016 года змагаецца за тое, каб на афіцыйным узроўні прызналі: пероны на вакзале Берасце-Цэнтральнае пабудаваныя з парушэннем, небяспечным для жыцця, піша praca-by.info.
І хоць гэта парушэнне відавочнае кожнаму чалавеку, які выходзіць з цягніка ў Берасці, усе дзяржаўныя арганізацыі ўпарта не прызнаюць памылкі праекціроўшчыка. А Берасцейская чыгунка нават не папрасіла прабачэння перад пацярпелым.
Летам 2016 года Раман Бурэнка выходзіў з цягніка на берасцейскім вакзале, спатыкнуўся на прыступцы і зваліўся ў зазор паміж вагонам і перонам. Сышліся два фактары: па-першае, вялікая адлегласць да перона; па-другое, сцёртыя прыступкі цягніка, якія не замяняліся больш за сорак гадоў.
Відэа зафіксавала момант падзення Рамана Бурэнкі.
Ніводзін з судоў не стаў на бок Рамана Бурэнкі, сцвярджаючы, што мужчына вінаваты сам, а чыгунка не нясе за ягонае падзенне ніякай адказнасці. Не ўдалося атрымаць і кампенсацыю маральнай шкоды.
Актывіст прафзвязу не пакідае спробаў давесці сваю правату. У канцы лютага ён паскардзіўся на дзеянні суддзі Ленінскага раёна Берасця за тое, што яна адмовілася далучыць да справы матэрыялы праверкі перонаў.
Гэтую праверку праводзіла Берасцейская транспартная пракуратура. Згодна з дакументам, з сямі перонаў на станцыі Берасце-Цэнтральнае пяць маюць тэхнічныя парушэнні габарытаў набліжэння будынкаў. На першым шляху Маскоўскага боку вакзала адлегласць да краю высокай пасажырскай платформы складае цэлых 40 см, а на 4-м шляху Варшаўскага боку вакзала — 35 см.

Адлегласць сорак сантыметраў няпроста пераадолець для кожнага, але калі дадаць складанасці ў выглядзе сцёртых прыступак цягніка, цяжкіх сумак і дрэннага надвор'я, то рызыка падзення шматкроць узрастае. Прыступкі дызель-цягніка, з якога выходзіў Раман Бурэнка, не маюць адтулін, назапашваюць ваду, снег і бруд; яны сцерліся за 42 гады эксплуатацыі — менавіта столькі гадоў не мяняліся ўваходныя блокі згодна з часопісам рамонту цягнікоў.
Гэтыя звесткі і ўтрымліваліся ў матэрыялах праверкі, якую праводзіла Берасцейская транспартная пракуратура. Акрамя праверкі, пракуратура накіроўвала Берасцейскаму аддзяленню Беларускай чыгункі Прадпісанне аб ліквідаванні тэхнічных парушэнняў эксплуатацыі пасажырскіх платформаў. Але чыгунка патрабаванняў не выканала, а суддзя не далучыла матэрыялы праверкі да справы.
Раман Бурэнка мяркуе, што парушанае ягонае права на справядлівы суд:
- Суддзя суда Ленінскага раёна Берасця Е. С. Кавальчук адмовілася задаволіць хадайніцтва аб запыце матэрыялаў праверкі Берасцейскай транспартнай пракуратуры, тым самым не дазволіла мне давесці вінаватасць чыгункі. Такім чынам, суддзя парушыла патрабаванне Артыкула 115 Канстытуцыі РБ, дзе гаворыцца, што правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе. Цяпер адпраўленая скарга на яе дзеянні ў Кваліфікацыйную Калегію суддзяў Вярхоўнага суда Беларусі.
Акрамя гэтага, Раман Бурэнка просіць распачаць дысцыплінарную справу ў дачыненні да суддзі за тое, што ў яе кабінеце вісіць партрэт Лукашэнкі:
- Падчас судовых разглядаў акрамя дзяржаўнага герба і сцяга ў кабінеце суддзі вісіць партрэт «палітычнага дзеяча». А згодна з арт.15 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у кабінетах суддзяў, у залах судовых пасяджэнняў і на будынках суда можа вісець толькі дзяржаўны сцяг і герб.
Прафсаюзны актывіст патлумачыў, чаму ўважае гэта за важнае:
- Атрымліваецца спрэчка з чыгункай, як «суд у караля». Бо суддзі выносяць пастанову імем Беларусі, а не імем «караля Лукашэнкі». З гэтай нагоды я накіраваў скаргу ў Вярхоўны суд. Чакаю адказу.
Раман Бурэнка мае намер бараніць сваё права на справядлівы судовы разгляд і на міжнародным узроўні:
- Дойдзем да Міжнароднага Камітэта правоў чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб парушэнні часткі 1 артыкула 14 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта права на справядлівае судовае разбіральніцтва!