Расследаванне атручвання Скрыпаля даручылі контртэрарыстычнай паліцыі
- 6.03.2018, 21:07
- 9,489
ФОТА: ТАСС
Контртэрарыстычная сетка брытанскай паліцыі дае справаздачу наўпрост ураду.
Расследаванне абставінаў атручвання былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі будзе весці Нацыянальная паліцэйская сетка барацьбы з тэрарызмам, якая аб'ядноўвае спецыялістаў контртэрарыстычных падраздзяленняў з розных службаў Вялікабрытаніі, паведамляе РБК.
Контртэрарыстычная сетка брытанскай паліцыі дае справаздачу наўпрост ураду, кіруе ёй памочнік камісара Лонданскай паліцыі ў спецаперацыях (ACSO) Марк Роўлі.
«Праз незвычайныя абставіны здарэння было наважана, што Нацыянальная паліцэйская сетка барацьбы з тэрарызмам правядзе расследаванне, бо валодае неабходным для гэтага узроўнем экспертызы», - гаворыцца ў паведамленні паліцыі Лондана.
У паведамленні асобна падкрэсліваецца, што цяпер атручэнне былога расейскага выведніка і ягонай дачкі не разглядаецца як тэракт. Са слоў Роўлі, спецыялісты службы цяпер праводзяць «шырокае расследаванне». «Гэта расследаванне пакуль на ранняй стадыі, і любыя здагадкі на гэтым этапе бескарысныя», - адзначае Марк Роўлі. Цяпер праваахоўныя органы спрабуюць усталяваць, якое менавіта рэчыва выклікала цяжкае атручэнне, дадаў ён.
Пра шпіталізацыю Скрыпаля стала вядома 5 сакавіка. 66-гадовага мужчыну знайшлі 4 сакавіка без прытомнасці на лаўцы ў парку горада Салсберы (графства Уілтшыр). З ім была 33-гадовая жанчына - як стала вядома пазней, гэта была яго дачка Юлія. Абодвух шпіталізавалі ў крытычным стане, яны атруціліся невядомым рэчывам.
Паліцыя графства Уілтшыр таксама паведаміла, што дапамога запатрабавалася супрацоўнікам брытанскіх экстраных службаў, якія аглядалі месца здарэння.
Сяргей Скрыпаль - былы палкоўнік ГРУ, пасля адстаўкі працаваў ва ўпраўленні справамі МЗС. У 2004 годзе яго арыштавалі на абвінавачванне ў шпіянажы на Брытанію, а праз два гады ў справе пра дзяржаўную здраду Скрыпаль атрымаў 13 гадоў калоніі. У 2010-м ён быў памілаваны прэзідэнтам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым і адпраўлены ў ЗША на абмен: у Расею тады вярнуліся дзесяць агентаў, у тым ліку Ганну Чапман.
Крыніцы The Times і The Guardian сцвярджаюць, што сярод версій, якія разглядаюцца паліцыяй - атручэнне моцнадзейным сінтэтычным апіятам фентанілам, які ўжываецца ў медыцыне ў якасці анальгетыка і выкарыстоўваўся расейскімі спецслужбамі пры штурме Тэатральнага цэнтра на Дуброўцы. Пры перадазаванні фентанілу чалавек страчвае прытомнасць і гіне ад спынення дыхання, растлумачыў РБК галоўнай пазаштатны таксіколаг Міністэрства аховы здароўя Расеі Юры Астапенка.