Украіна знішчыла ваенны аб’ект Расіі паблізу мяжы з Гомельскай вобласцю
- 7.09.2026, 12:50
- 1,308
Ён мог дапамагаць каардынаваць пралёты дронаў уздоўж беларускай мяжы.
Сілы абароны Украіны паведамілі, што 4 верасня іх падраздзяленні паразілі шэраг ваенных цэляў на тэрыторыі Бранскай вобласці Расіі — суседняй з Гомельшчынай, піша «Флагшток».
У вёсцы Картушын была паражаная радыёлакацыйная станцыя праціўніка, а ў раёне гарадскога пасёлка Пагар — комплекс радыёэлектроннай барацьбы.
Яшчэ адзін з атакаваных аб’ектаў знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці да Гомельскай вобласці — у горадзе Злынцы каля трасы Гомель — Бранск. Там быў знішчаны рэтранслятар MESH-сетак, заявілі ў ЗСУ.
Падрабязнасці пакуль не ўдакладняюцца. Напачатку года ўжо паведамлялася пра знішчэнне MESH-сеткі, якую выкарыстоўвалі дроны тыпу «Шахед» для каардынацыі палётаў у цэнтральных рэгіёнах Украіны.
Наземныя пункты кіравання, якія выкарыстоўваліся для гэтай сеткі, знаходзіліся не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі, што спрыяла каардынацыі руху дронаў на вялікіх адлегласцях.
Пасля ва Украіне заяўлялі пра знішчэнне рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі.
Рэтранслятар MESH-сетак у Злынцы мог выкарыстоўвацца для каардынацыі пралёту беспілотнікаў, якія апошнім часам амаль бязупынна рухаліся ўздоўж беларускай мяжы, накіроўваючыся на атаку Кіева. Апошні такі пралёт фіксаваўся раніцай 4 верасня. Аднак з таго часу масіраваных атак украінскай сталіцы не было на працягу трох дзён — у сувязі з прыездам дэлегацыі ЗША.
Устаноўка новага рэтранслятара не ўяўляе складанасці і займае мінімальны час, як раней адзначаў эксперт.