26 красавiка 2024, Пятніца, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя «дармаеды» павiнны заплацiць у 2,5 разы больш, чым «старыя»

43
Новыя «дармаеды» павiнны заплацiць у 2,5 разы больш, чым «старыя»

Колькі каштавацьме беларусам новы дэкрэт аб «дармаедах».

Пра абноўлены «дэкрэт аб дармаедстве» мы ўжо расказвалі. Нагадаем, што сутнасць яго ў тым, каб прымусіць грамадзян працаваць. А тыя, хто не хоча працаваць, павінны будуць аплачваць некаторыя дзяржаўныя паслугі стоадсоткавымі тарыфамі, піша kp.by.

Пакуль яшчэ невядома пра тое, якія менавіта паслугі будуць уваходзіць у гэты пералік. Але нядаўна падчас размовы з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка распавёў аб тым, што сярод гэтых паслуг - якія «дармаеды» будуць аплачваць без субсідый - паслугі ЖКГ і медыцыны. Калі з «камуналкай» усё зразумела - непрацуючым выставяць рахунак са стоадсоткавымі тарыфамі, то з медыцынай ёсць пытанні.

Паводле Канстытуцыі медыцынская дапамога надаецца грамадзянам Беларусі бясплатна. Магчыма, для «дармаедаў» проста створаць нейкі бясплатны спіс, а за ўсё астатняе будуць браць грошы? Гадаць мы не будзем. Але прыкінем, колькі ў нашай краіне каштавацьме бесклапотнае жыццё «дармаедаў».

«Камуналка»

Нягледзячы на тое, што чыноўнікі нам увесь час кажуць, што вось-вось камунальныя паслугі для ўсіх стануць стоадсоткавымі (называліся розныя тэрміны, і з 2019 года, і з 2020 года), пакуль што амаль усе беларусы аплачваюць жыллёва-камунальныя паслугі субсідаванымі тарыфамі. Выключэнне складаюць кватэры, дзе ніхто не прапісаны.

Мы надумаліся падлічыць, колькі «дармаеды» будуць пераплачваць «камуналку» за тое, што яны не працуюць. Для разлікаў узялі такія параметры: кватэра 30 квадратных метраў, спажыванне вады ў межах 140 літраў за дзень, са снежня да лютага на ацяпленне сыходзіць па 1 Гкал, у лістападзе і сакавіку - па 0,6 Гкал, а за палову кастрычніка і палову красавіка - па 0,4 Гкал. Кожны месяц «дармаед» спажывае па 150 кВ*г электраэнэргіі і карыстаецца газавай плітой. Таксама ў доме адсутнічае смеццеправод.

Жыве чалавек адзін. Бо мы пакуль насамрэч не ведаем, як будуць выкручвацца камунальнікі з кватэрамі, у якіх пражывае і «дармаед», і ягоныя працуючыя сямейнікі. Але цяпер не пра гэта. Усе разлікі мы зрабілі цяперашнімі тарыфамі на ЖКП. За ўвесь год «дармаед» заплаціць на 1008 рублёў больш, чым недармаед. Прычым такі разрыў атрымаўся як раз праз занадта дарагі стоадсоткавы тарыф на ацяпленне і падагрэў вады. Так што на зіму лепш працу знайсці.

Медыцына:

Паводле звестак Белстата, у 2017 годзе ў сярэднім адзін беларус наведваў лекара 13,8 разы за год. Досыць шмат для здаровых людзей. Але для падлікаў мы наважылі ўзяць умоўна здаровага чалавека. Гэта будзе мужчына ці жанчына, старэйшы за 40 гадоў. У шмат якіх менскіх паліклініках ёсць такая паслуга, як «асабісты лекар-тэрапеўт». У яе ўваходзіць наведванне самога лекара, а таксама праходжанне розных функцыянальных дыягностыкі, аналізаў і г. д.

Таксама вы зможаце да яго звяртацца, калі раптам захварэлі на ВРВІ. Кошт такой паслугі - ад 150 рублёў на год. Дадаць да гэтага наведванне два разы на год стаматолага, а таксама адно лячэнне карыесу (коштамі дзяржаўнай паліклінікі) - выходзіць блізу 200 рублёў.

Паводле новага дэкрэта быць «дармаедам» даражэй амаль у 2,5 разы, чым паводле старога

Калі з 2019 года «дармаеды» будуць аплачваць стоадсоткавымі тарыфамі паслугі медыцыны і ЖКГ, то толькі згодна з нашымі разлікамі, якія мы прывялі вышэй, адзін чалавек за год будзе выдаткоўваць блізу 1200 рублёў. Нагадаем, што ранейшы дакумент, Дэкрэт №3, абавязваў «дармаедаў» выплачваць падатак 20 базавых адзінак.

Цяпер гэта 490 рублёў. Атрымліваецца, што новы дэкрэт сваімі паслугамі павялічвае фінансавую нагрузку на «дармаедаў» амаль у 2,5 разы! Але, абмовімся: гэта пакуль не дакладна. Бо з наступнага года сапраўды падымецца «камуналка», і не факт, што яна будзе так моцна адрознівацца ад стоадсоткавай. Акрамя таго, магчыма, заканадаўцы дадуць людзям бясплатна наведваць тэрапеўта і здаваць на год пару аналізаў. Увогуле, пажывём - пабачым.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках