Міністарка працы распавяла, калі з'явіцца база «дармаедаў»
41- 18.05.2018, 22:47
- 21,130
Таксама Касцевіч патлумачыла, для чаго патрэбны дэкрэт №1.
Пілотную версію базы звестак працаздольных грамадзян, што не занятыя ў эканоміцы, стварэнне якой прадугледжана дэкрэтам № 1, падрыхтуюць да 1 верасня.
Пра гэта паведаміла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч на сэмінары ў Гомельскім аблвыканкаме, дзе абмяркоўвалі рэалізацыю дэкрэта № 1, паведамляе БелТА. Міністарка нагадала, што базу незанятых у эканоміцы сфармуюць пад 1 снежня гэтага года. Надалей база будзе абнаўляцца штоквартальна.
Раней у Мінпрацы распавядалі, што адна з галоўных праблем пры стварэнні базы незанятага ў эканоміцы насельніцтва - адсутнасць у Беларусі цэнтралізаванага ўліку інфармацыі і канкрэтных інфармацыйных баз, то бок службовых інфармацыйных рэсурсаў, паведамляе tut.by.
Акрамя таго, цяпер заканчваецца фармаванне складу стала дзейных камісій каардынацыі работы для спрыяння занятасці насельніцтва, рыхтуецца пералік цяжкіх жыццёвых сітуацый, якія будуць служыць падставай для выключэння з базы працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, удакладніла сёння Ірына Касцевіч.
- Мы збяром з усёй краіны прыклады цяжкіх жыццёвых сітуацый, каб максімальна напоўніць пералік. Гэтыя рэкамендацыі будуць затым накіраваныя камісіям для дзейнасці, - патлумачыла яна.
Метадычныя рэкамендацыі аб тыповых цяжкіх жыццёвых сітуацыях у Мінпрацы складуць да 1 ліпеня, паведамляе «Беларусь 1».
Нагадаем, у рэгіёнах ужо пачалі ствараць стала дзейныя камісіі спрыяння занятасці насельніцтва. Іх стварэнне прадугледжана абноўленым «дэкрэтам аб дармаедстве». З характэрнага - камісіі змогуць запытваць у арганізацый усякай формы ўласнасці інфармацыю, якая належыць да яе дзейнасці.
Мэта дэкрэту аб спрыянні занятасці - максімальна палепшыць сітуацыю на рынку працы, заявіла Ірына Касцевіч. Паводле ейных слоў, рэалізацыя нормаў дакументу - гэта супольная праца розных службаў, структур, устаноў, і асноўная агульная задача - забяспечыць занятасць і індывідуальны падыход да кожнага чалавека, не дапусціць сацыяльнай напружанасці.
Як падкрэсліла Ірына Касцевіч, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і надалей маюць быць арыентаваныя на правядзенне актыўнай палітыкі спрыяння занятасці насельніцтва, стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці, падтрымку прадпрымальніцкай ініцыятывы, забеспячэнне легалізацыі працоўнай дзейнасці.
Міністарка адзначыла, што «сітуацыя на рынку працы паляпшаецца». На ейную думку, гэтаму спрыяе як «эканамічны рост, так і тая шматвектарная дзейнасць, якая праводзіцца ў рэгіёнах для спрыяння занятасці».
Касцевіч адзначыла, што агульная колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы, у сакавіку гэтага года склала 4 мільёны 346,6 тысячы чалавек.
Раней у Мінпрацы прагназавалі, што пад дзеянне дэкрэта № 1 могуць падпасці блізу 250 тысяч беларусаў.
Нагадаем, 17 траўня ў палаце прадстаўнікоў абмеркавалі новы дэкрэт «аб дармаедстве».
Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч 17 траўня ў «парламенце» паведаміла, што працоўныя за мяжой беларусы змогуць онлайн пацвердзіць працаўладкаванне за межамі краіны, што дазволіць ім унікнуць трапляння ў спіс «дармаедаў».