29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гродна – гэта неверагодна!»

1
«Гродна – гэта неверагодна!»
ФОТА: VB.BY

Як дызайнерка-пачаткоўка стварае крэатыўныя паштоўкі з выявай беларускіх гарадоў.

Ганна Шэўчык сягоння бывае ў горадзе над Бугам не так ужо часта: абавязак студэнткі-вочніцы БДУ – прысутнічаць на занятках у сталічнай альма-матар. Там у Ганны быццам бы не павінна быць недахопу ў творчасці, бо яна абрала для сябе спецыяльнасць «графічны дызайнер». Аднак калі ўжо душа патрабуе палёту, адмаўляць ёй не варта, піша vb.by.

– Сярод усіх гэтых праектаў, якія мы робім на вучобе, у мяне было жаданне зрабіць нешта значнае для сябе, для роднага горада, – апавядае дзяўчына. – І выбар упаў на паштоўкі. Вельмі ўдала трапіўся нацыянальны конкурс ад парталу symbal.by, потым конкурс паштовак да 1000-годдзя Берасця, яшчэ адзін конкурс ілюстрацый у Каліфорніі. Зышло натхненне, з'явілася ідэя – і панесла.

Уласна, панесла ў зусім правільным кірунку. Варыянт паштоўкі «Мой дом – мая крэпасць» стаў пераможцам конкурсу да 1000-годдзя Берасця. І, напэўна, гэтай працы знойдзецца годнае месца ў ліку разнастайнай сувенірнай прадукцыі, якую будуць выпускаць непасрэдна да міленіуму. А ўсяго ў гэтай калекцыі, прысвечанай святу, блізу дзесяці працаў. І колькасць іх яшчэ вырасце.

Ёсць у Ані і паштоўкі, прысвечаныя іншым гарадам Беларусі. З калекцыяй «Вобразы роднай краіны» дызайнерка-пачаткоўка ўдзельнічала ў конкурсе, арганізаваным інтэрнэт-крамай беларускага адзення і сувеніраў Symbal.by. У камплекце з сямі паштовак шэсць прысвечаны абласным цэнтрам, а адна ўяўляе з сябе зборны вобраз нашай сінявокай. Асноўная фішка, акрамя графічнага выканання, «нэймінг» паштовак.

– Я старалася выкарыстоўваць рыфму, своеасаблівы слоган, каб ён запамінаўся і беларусам, і турыстам. «Нэймінг» паштовак, да прыкладу «Гродна – гэта неверагодна», «Го, Гомель», «Белы бусел – сiмвал Беларусi», – гэта таксама дадатковы козыр, каб турысты нешта запаміналі пра Беларусь. Гэтыя фразы застаюцца ў людзей у свядомасці і асацыююцца з нашымі гарадамі, – упэўненая Ганна.

Працэс стварэння паштоўкі, паводле словаў дзяўчыны, займае часу няшмат, але – пад настрой і натхненне. Рэальныя вобразы, якія потым набываюць графічны шарм, Ганна шукае паўсюль, не абмяжоўваючыся спісам агульнавядомых славутасцяў горада.

– Мне блізкае ўсё Берасце, так што я выбіраю з тых месцаў, якія мне да душы. Але пры гэтым разумею, што гэтыя паштоўкі прымеркаваныя, сярод іншага, турыстам, а ім хочацца павезці з сабой нейкі вядомы вобраз – Брэсцкую крэпасць, парк, Савецкую, ліхтаршчыка і г.д. Але ўсё гэта паддаецца пераасэнсаванню. Я не прэтэндую на дакладнасць перадачы, я не мастак. Дызайнер – ён жа можа трохі падмаляваць. Галоўнае – каб было стыльна і пазнавальна, – дзеліцца тонкасцямі Ганна.

Паштоўкі яна стварае ў кампутарных графічных ілюстратарах. Аснова – рэальныя фатаграфіі Берасця, на адбор якіх іншы раз сыходзіць часу больш, чым на сам малюнак. Але калі вобраз вызначаны, надыходзіць час творчасці. Усе малюнкі ствараюцца ўручную, ніякіх шаблонаў, у тым ліку – тэкставых, Ганна не выкарыстоўвае. На адну паштоўку сыходзіць ад дзвюх да пяці гадзінаў. Пры ўмове, што аўтару падабаецца канчатковы прадукт. Інакш працэс пачынаецца нанова.

Ставіць сваё захапленне на камерцыйныя рэйкі Ганна Шэўчык пакуль не збіраецца. Яе працы ацэньваюць у асноўным карыстальнікі розных паблікаў у сацсетках. «Жывыя» паштоўкі распаўсюджваюць дзясяткі берасцейскіх кавярняў, можна знайсці іх і ў ЦУМе.

– Пакуль гэта проста захапленне, – канстатуе дзяўчына. – Каб хобі стала бізнэсам, патрэбныя ўкладанні, рэклама. Пакуль жа ўсе гэта робіцца з дапамогай сяброў, якія распаўсюджваюць мае працы ў сацсетках. Дарэчы, у Telegram я зрабіла стыкерпак пра Берасце, і ён у першы ж дзень атрымаў больш за сто запамповак. Напэўна, у наш час найлепшая рэклама – «сарафаннае радыё». Ды і праект жа быў для душы. Хай ён рухаецца маленькімі крокамі, а з часам, магчыма, прыйдзе і новая ідэя, як зрабіць горад яшчэ больш прывабным для турыстаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках