20 траўня 2026, Серада, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра што дамовілася G7

7
Пра што дамовілася G7

Галоўныя тэзісы з камюніке саміту.

У Ла-Мальбе канадскай правінцыі Квебек 8-9 чэрвеня прайшоў саміт лідараў краін Вялікай сямёркі (G7) - Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Італіі, Канады, ЗША, Францыі, Японіі. Асноўнымі тэмамі саміту былі сумеснае процідзеянне ўмяшанню ў дэмакратычныя выбары, эканоміка, сітуацыя ва Украіне, ахова здароўя, вайна ў Сірыі, штучны інтэлект і іншае, піша liga.net.

Далей - асноўныя тэзісы з камюніке саміту G7.

- Краіны Вялікай сямёркі канстатуюць эканамічны рост і ўклад у яго найноўшых тэхналогій, аднак паказваюць на рынкавыя ўразлівасці, між іншым, у сувязі з пераходам да лічбавай эканомікі. G7 плануе мадэрнізаваць Сусветную арганізацыю гандлю.

- G7 прызнае жыццёва важную ролю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў надзвычайных сітуацыях. Асноўныя мэты на найбліжэйшую перспектыву: барацьба з устойлівымі формамі туберкулёзу, поліяміэлітам.

- Улічваючы рост узроўню запазычанасці ў краінах з нізкім даходам і важнасць устойлівасці запазычанасці, краіны G7 заклікаюць да большай празрыстасці не толькі завінавачаных краін з нізкім прыбыткам, але і дзяржаўных і прыватных крэдытораў.

- Краіны G7 прызнаюць неабходнасць ліквідацыі перашкод на шляху да лідарства жанчын і роўных магчымасцяў для іх удзелу ва ўсіх аспектах рынку працы, у тым ліку, шляхам выкаранення гвалту, дыскрымінацыі і пераследу на і за межамі працоўнага месца. Яны таксама канстатуюць, што гендэрная няроўнасць яшчэ мае месца ў многіх краінах, нягледзячы на міжнародныя абавязанні.

- Вялікая сямёрка ставіць мэтай рэалізаваць праект штучнага інтэлекту, які можа стаць новай крыніцай эканамічнага росту і, магчыма, прынясе развязанне многім надзённым праблемам.

- Адна з галоўных глабальных пагроз - гэта тэрарызм і фінансаванне тэрарызму. Асноўны інструмент сучасных тэрарыстаў - Інтэрнэт.

- Краіны G7 абавязуюцца сумесна супрацьстаяць дзяржавам, якія спрабуюць падарваць дэмакратычныя працэсы і інстытуты.

- Вялікая сямёрка заклікае Паўночную Карэю цалкам і незваротна знішчыць сваю ядзерную зброю і абвясціць мараторый на запуск ракет.

- Краіны G7 заклікаюць Расею спыніць дэстабілізуючыя паводзіны, каб падарваць дэмакратычныя сістэмы, і падтрымку сірыйскага рэжыму. Яны асуджаюць выкарыстанне хімічнага рэчыва ў Солсберы.

- Вялікая сямёрка працягвае асуджаць анэксію Крыма і падтрымлівае суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах.

- G7 працягне аказваць дапамогу Украіне ў рэалізацыі неабходных рэформаў.

- Краіны ўказваюць на неабходнасць працягу санкцый супраць Расеі да поўнага выканання менскіх пагадненняў і падтрымліваюць перамовы ў рамках нармандскага фармату.

- Асуджаецца прымяненне хімічнай зброі ў Сірыі. Краіны заклікаюць падтрымліваць намаганні Арганізацыі забароны хімічнай зброі і выкананне адпаведнай канвенцыі.

- Нягледзячы на дзеянні РФ, краіны Вялікай сямёркі будуць працягваць працаваць з Масквой для развязання рэгіянальных крызісаў і глабальных праблем там, «дзе гэта адпавядае інтарэсам» G7.

- G7 асуджаюць аднабаковыя дзеянні ва Усходнім і Паўднёва-Кітайскім моры, якія могуць прывесці да абвастрэння сітуацыі ў рэгіёне. Усе бакі заклікаюцца да дэмілітарызацыі ў гэтым рэгіёне.

- Іран заклікаюць устрымацца ад запуску балістычных ракет.

- Краіны Вялікай сямёркі заклікаюць да хутчэйшага развязання канфлікту і гуманітарнага крызісу ў сектары Газа.

- Канада, Францыя, Нямеччына, Італія, Японія і Вялікабрытанія пацвярджаюць сваю прыхільнасць Парыжскаму кліматычнаму пагадненню (ЗША выйшлі з угоды) і працягнуць супрацьдзеянне зменам клімату.

- ЗША будуць імкнуцца цесна супрацоўнічаць з іншымі краінамі, каб дапамагчы ім больш эфектыўна выкарыстоўваць выкапнёвыя віды паліва і садзейнічаць разгортванню аднаўляльных і іншых экалагічна чыстых крыніц энэргіі.

- G7 накіруе высілкі на ахову марскога асяроддзя. Канада, Францыя, Нямеччына, Італія і Вялікабрытанія абавязваюцца скараціць выкарыстанне пластмасы, каб скараціць забруджванне мораў і акіянаў.

Як паведамлялася раней сёння, прэзідэнт Дональд Трамп забараніў прадстаўнікам ЗША падпісваць камюніке саміту G7.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках