Кім Чэн Ын паабяцаў Трампу дэмантаваць касмадром Сохэ
1- 21.06.2018, 10:23
- 6,894
На палігоне праходзілі выпрабаванні ракетных рухавікоў.
Лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын падчас перамоваў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам паабяцаў знішчыць касмадром Сохэ. Пра гэта 20 чэрвеня тэлеканалу CBS News паведамілі крыніцы ў Белым доме.
Эксперты адзначаюць, што на палігоне праходзілі выпрабаванні ракетных рухавікоў і міжкантынентальнай балістычнай ракеты Hwasong-15, якая стваралася для магчымай атакі на ЗША.
Паводле публікацыі, улады КНДР пакуль не прыступалі да дэмантажу пляцоўкі. Тэрміны пачатку працаў таксама невядомыя.
Касмадром плошчай блізу 6 км² быў пабудаваны ў 2011 годзе. Ён размешчаны на заходнім узбярэжжы краіны ў правінцыі Пхенан-Пукто.
24 траўня Паўночная Карэя знішчыла ядзерны палігон Пунгеры. Паводле звестак сайта 38 North, таксама дэмантавалі палігон Іхараў, дзе тэставалі цвёрдапаліўныя рухавікі да балістычных ракетаў.
12 чэрвеня ў Сінгапуры прайшла сустрэча Кім Чэн Ына і Трампа. Паводле вынікаў праведзенага ў гэты ж дзень амерыкана-паўночнакарэйскага саміту было падпісанае пагадненне: Вашынгтон паабяцаў даць КНДР гарантыі бяспекі, а Пхеньян пацвердзіў прыхільнасць поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава.