28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Ні рэжым, ні мафія не могуць перамагчы народ

5
Павел Севярынец: Ні рэжым, ні мафія не могуць перамагчы народ
ФОТА: SVABODA.ORG

У Курапатах стаяць людзі, якія вераць у перамогу.

Абаронцы Курапатаў падвялі вынікі трохтыднёвай варты. На імправізаванай прэс-канферэнцыі, у якой узялі ўдзел кіраўнікі апазіцыйных партый і рухаў, арганізатары падзяліліся вынікамі супрацьстаяння з кіраўніцтвам рэстарана “Поедем, поедим”, а таксама паведамілі пра далейшыя планы, паведамляе “Радыё Рацыя”.

Першае на што варта звярнуць увагу – гэта зайздроснае аднадумства розных прадстаўнікоў грамадства да недапушчальнасці суседства забаўляльнага цэнтру з месцам масавай загубы людзей, – кажа сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец:

– Сённяшняя прэс-канферэнцыя абаронцаў Курапатаў прысвечана тром тыдням абароны Курапатаў. Менавіта ў чацвер, 31 траўня, прайшлі першыя акцыі абаронцаў, і з тых пор яны не прыпыняліся ні на дзень. Я нагадаю яшчэ раз, што Вольга Мікалайчык і Ніна Багінская сталі тут у чацвер 31-га, і першага тут ужо была вялікая акцыя абаронцаў “Не кабак, а музей”.

Сёння мы падвядзем папярэднія вынікі нашай варты і трошкі распавядзем пра перспектывы абароны. Яшчэ раз пацверджваю, гэта прамежкавая прэс-канферэнцыя, не выніковая, ні ў якім разе, таму што варта бестэрміновая. Яна працягваецца да тых пор, пакуль не будзе знесены, перанесены, зачынены гэты рэстаран “на костках”.

Пра вынікі. Напэўна, найпершым вынікам гэтай курапацкай варты стаў розгалас. Розгалас пра Курапаты. Як раз да 30-годдзя адкрыцця гэтага знакавага месца для нацыянальнага руху. І за гэта вельмі вялікі дзякуй журналістам. Розгалас яшчэ раз нагадвае нам, што такое значаць Курапаты для беларускага народа. Госпад Бог дапусціў гэтую справу, гэтую сітуацыю дзеля таго, каб увесь народ яшчэ раз зразумеў і ўсвядоміў, што было такое злачынства, была такая эпоха камунізму, было, калі забівалі ні за што – за тое, што ты чалавек, за тое, што ты беларус. І пра гэта беларусам трэба памятаць. А таксама пра тое, што без пакаяння за злачынствы камуністычнага рэжыму шляху наперад у Беларусі няма.

Другі розгалас. Гэта ўсеагульнае непрыняццё такой справы, як рэстанна-забаўляльны комплекс – батуты, танц-пол, лазня, інтымныя пакоі, дзіцячыя пляцоўкі – у ахоўнай зоне Курапатаў. Непрыняццё. Мы маем кансэнсус грамадства, згоду грамадства з тым, што гэта недапушчальна. Я не буду пералічваць імёны і прозвішчы, вы ведаеце, вы чулі дзясяткі знакамітых людзей, якія выказваліся на гэты конт. Больш за тое, і беларускі народ сказаў сваё слова. Байкот гэтай рэстарацыі для мяне проста ўражвальны. Я, шчыра кажучы, не думаў, што будзе настолькі моцна. Таму што цэлы дзень, любы дзень, калі стаяць абаронцы Курапатаў, некалькі наведнікаў вось у гэтай рэстарацыі. На 300 чалавек банкетная зала. Сядзіць адзін, або не сядзіць нікога. І гэта паказнік.

Адносна планаў коратка скажу, што мы тут будзем стаяць да тых пор, пакуль будуць людзі. Тут стаяць людзі, якія вераць у перамогу. Таму ні рэжым, ні мафія не могуць перамагчы народ. Таму мы запрашаем і заклікаем усіх людзей: калі ласка, прыходце ў Курапаты, далучайцеся да варты. Кожны дзень з 12-ці да 24-х гадзінаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках