Сталяр з Гродна абверг хлусню чыноўнікаў з Белстата
- 14.10.2026, 17:41
- 1,292
Ён проста паказаў свой разліковы лісток.
За месяц 23-гадовы сталяр-станочнік атрымаў 905 рублёў. Ён апублікаваў копію свайго разліковага лістка ў сацсетцы Threads і звярнуўся да Белстата.
«Хто яшчэ кажа, што можна атрымліваць 2000+ як у вашай статыстыцы, і нават болей? — спытаў гродзенец. — Вось мой разліковы лісток за верасень гэтага года, мне 23 гады, працую ў Гродне на СП Testa, вырабляем паддоны, я сталяр-станочнік пятага разраду.
І тут вы заікаецеся, што нават грузчык дзве тысячы атрымае? Вось адно з абвяржэнняў, ПІБ свяціць не буду на ўсялякі выпадак».
Карыстальнікі сацсеткі параілі аўтару паста ехаць працаваць у суседнюю Польшчу.
«У вас праз мяжу — нармальныя краіны з нармальнымі заробкамі. У чым праблема?» — напісаў адзін з іх.
«Катэгорыя Е — Польшча — фура. Тыя ж грошы за тры дні», — адзначыў яшчэ адзін каментатар.